
4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдавецтва - гэта люстэрка, у якім адлюстроўваецца сучасны літаратурны працэс і эпоха. Такім меркаваннем падзяліўся дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Аляксандр Бадак у час круглага стала на тэму "Роля выдавецтва ў стварэнні летапісу краіны", прысвечанага 50-годдзю выдавецтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"50 гадоў для літаратуры - гэта сапраўды вельмі шмат, таму што літаратура і яе рост ацэньваюцца дасягненнямі. Гэтыя гады ў беларускай літаратуры значныя. Можна доўга пералічваць імёны, якія ведаюць і дарослыя, і маладыя чытачы, паколькі добра напісаная кніга ў прынцыпе не старэе", - сказаў Аляксандр Бадак.
У выдавецтве за гады існавання выйшла больш за 5 тыс. найменняў кніг. "І гэта сапраўды шмат. Толькі ў 1972 годзе выйшла 106 найменняў кніг, і ўжо тады быў акрэслены выдавецкі прыярытэт: перавыданне беларускай класікі, новыя творы сучасных пісьменнікаў, серыйныя выданні, зборнікі твораў крытыкі і публіцыстыкі, дзіцячая літаратура і пераклады", - адзначыў дырэктар.
У 1972 годзе пачалося выданне зборнікаў твораў беларускіх пісьменнікаў - Якуба Коласа ў 14 тамах і Кузьмы Чорнага ў васьмі. "З першых гадоў існавання "Мастацкая літаратура" ўдзяляла ўвагу выбраным творам беларускіх пісьменнікаў. І гэта глыбока важна, паколькі далёка не кожны чытач, які любіць літаратуру, можа сарыентавацца ў тым, што ж лепшае ёсць у таго ці іншага пісьменніка. Менавіта выбраныя творы даюць магчымасць чытачу сканцэнтраваць увагу на тым, што можна перачытваць шмат разоў", - дадаў ён.
У цэлым, калі гаварыць пра тыражы тых гадоў, яны непараўнальныя з сённяшнімі. "Гэта сусветная тэндэнцыя, калі тыражы сур'ёзных кніг ужо не выходзяць такімі вялікімі. Тады ж, у 1972 годзе, раман Івана Чыгрынава "Плач перапёлкі" выйшаў тыражом 14 000 экзэмпляраў, раман Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - 10 000, аповесці Васіля Быкава "Абеліск" і "Сотнікаў" у адным томе - 20 000. Дзіцячая літаратура ў 1970-я выходзіла тыражамі 75 000 - 80 000 экзэмпляраў", - звярнуў увагу Аляксандр Бадак.
"Лічбы - гэта не сухая матэматыка ў нашым выпадку, а сведчанне таго, што беларуская літаратура цікавая, запатрабаваная і развіваецца. Калі гаварыць пра сённяшні дзень, мы спрабуем захаваць гісторыю і лепшыя традыцыі, якія былі закладзены яшчэ ў самым пачатку. Розныя напрамкі, прыярытэты мы захоўваем і будзем прадаўжаць гэтыя традыцыі", - заўважыў ён.
У выдавецтве "Мастацкая літаратура" прадаўжаюць выходзіць творы Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля. "Мы выдаём кнігі, у якія ўключаны запатрабаваныя сярод чытачоў творы. У гэтым сэнсе праводзілася апытанне сярод бібліятэкараў, студэнтаў і простых чытачоў. Спадзяёмся, што ўсё часцей у гэтым спісе будуць з'яўляцца кнігі сучасных празаікаў і паэтаў", - адзначыў Аляксандр Бадак.
"Любое выдавецтва - гэта люстэрка, у якім адлюстроўваецца сучасны літаратурны працэс і эпоха, а ў саміх кнігах адлюстроўваецца наша жыццё. Мы не проста глядзім у гэта люстэрка, але і стараемся ўздзейнічаць на яго са свайго боку, каб у літаратурным працэсе развіваліся розныя жанры і напрамкі. Мы стараемся падтрымаць маладых аўтараў, паколькі гэта наша будучыня. Разам з тым будзем падтрымліваць ўсё тое лепшае, што было створана нашымі класікамі. Паколькі гэта фундамент, на якім трымаецца культура ў цэлым", - рэзюмаваў ён.-0-