ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 7 мая 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +12°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лютага 2021, 16:08

"Мастацкая літаратура" прадставіла новае выданне да 100-годдзя Івана Мележа

Фота mastlit.by
Фота mastlit.by

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новае выданне да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа прадстаўлена ў выдавецтве "Мастацкая літаратура", паведаміў сёння журналістам дырэктар прадпрыемства Аляксандр Бадак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кніга "Іван Мележ. Пясняр Палесся" з серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі" праз успаміны блізкіх і родных, пісьменнікаў і журналістаў, даследчыкаў творчай спадчыны - крытыкаў і літаратуразнаўцаў - раскрывае вобраз мастака і чалавека, які ва ўсёй мастацкай велічы стварыў хроніку жыцця беларускага народа ў пераломныя 30-я гады ХХ стагоддзя. Яе складальнікам стаў паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі. "Мележ ніколі не знікаў з гарызонтаў беларускай літаратуры, але ў гэтай кнізе больш ярка прадстаўлены вобраз пісьменніка і памяць пра яго", - адзначыў ён.

"Іван Мележ адкрыў абсалютна іншыя грані беларускай літаратуры, і новым пакаленням чытачоў мы павінны больш расказваць пра раман "Людзі на балоце", які для больш старэйшых пакаленняў з'яўляецца мастацкай Бібліяй", - адзначыў Аляксандр Бадак. - Я глыбока перакананы, што кнігі і серыі, падобныя да гэтых, вельмі значныя для нас і нашых пераемнікаў, і з гадамі гэта каштоўнасць будзе толькі ўзрастаць. Вельмі мала засталося людзей, якія асабіста ведалі Івана Паўлавіча. Таму вельмі важна фіксаваць успаміны, якія сведчаць не толькі аб маштабе асобы героя, але і аб літаратуры, і аб беларускім народзе ў цэлым. Такія выданні павінны быць у школах, універсітэтах, бібліятэках, таму што гэта не толькі біяграфія канкрэтнага аўтара, гэта адлюстраванне гісторыі нашай краіны".

Паводле слоў загадчыка рэдакцыі мастацкага афармлення выдавецтва Міхаіла Дайлідава, у далейшым афармленне серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі" зменіцца. "Для прыцягнення ўвагі чытачоў у сучасных рэаліях больш важна, якім чынам падносіцца выданне, чым яго вокладка. Ва ўсіх людзей вельмі розныя густы. Аднак сёння ўсё вырашае менавіта падача кнігі. Тое, як яна сфатаграфавана, які выбраны для гэтага фон або ў якім інтэр'еры знаходзіцца, - усё гэта працуе, асабліва калі гаварыць аб адлюстраванні ў стужцы ў сацсетках", - падкрэсліў ён.

Выдавецтва "Мастацкая літаратура" заснавана ў 1972 годзе на базе рэдакцый мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва "Беларусь". Сёння тут выпускаюць арыгінальныя творы беларускіх пісьменнікаў, зборы сачыненняў, кнігі па літаратуразнаўстве і крытыцы, лепшыя творы замежных пісьменнікаў, творы для дзяцей і падлеткаў, навукова-папулярную, публіцыстычную, вучэбна-метадычную і юрыдычную літаратуру. Кнігі з серый "Жыццё знакамітых людзей Беларусі", "Напісанае застаецца", "100 вершаў", "Бібліятэка выбраных твораў", "Дзіцячы атлас Беларусі" набылі папулярнасць і сталі візітнай карткай выдавецтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі