23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аўтарская экскурсія мастака Уладзіміра Шапо па выставе "Полацк. Горад і людзі" пройдзе 25 лютага ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Новая серыя работ Уладзіміра Шапо "Полацк. Горад і людзі" экспануецца ўпершыню. Яна прысвечана самаму старажытнаму гораду Беларусі - Полацку.
Полацк Уладзіміра Шапо - своеасаблівы сусвет мастака, які захоўвае ў сабе і ўспаміны дзяцінства, і казкі Маркеса, і Фудзі Хакусая, і аўтарскі канцэпт чалавечага быцця з яго краевугольным пытаннем прыналежнасці да месца, часу, культурнага кантэксту.
Уладзімір Шапо не толькі таленавіты мастак, яркая асоба, але і захапляючы расказчык. Аўтарская экскурсія перанясе наведвальнікаў у стары горад, дапаможа разабрацца ў асаблівасцях творчага стылю мастака, і, магчыма, натхніць на сапраўднае падарожжа.-0-