Сцяг Субота, 14 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 мая 2025, 10:01

Мастак-рамантык. Да 225-годдзя з дня нараджэння Валенція Ваньковіча

Фрагмент аўтапартрэта Валенція Ваньковіча. Фота ru.wikipedia.org
Фрагмент аўтапартрэта Валенція Ваньковіча. Фота ru.wikipedia.org
12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 225 гадоў з дня нараджэння Валенція Ваньковіча - вядомага беларускага мастака, які пакінуў свой след у гісторыі мастацтва як выдатны жывапісец-рамантык, стваральнік цэлай галерэі партрэтаў.

Валенцій Вільгельм Ваньковіч нарадзіўся 12 мая 1800 года ў маёнтку Калюжыца Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Бярэзінскі раён Мінскай вобласці) у сям'і павятовага суддзі Мельхіёра Ваньковіча.

Маляваць Валенцій навучыўся раней, чым пісаць. У 1811 годзе бацькі аддалі яго вучыцца ў Полацкі езуіцкі калегіум (з 1812 года - Полацкая езуіцкая акадэмія). Ён быў у ліку першых вучняў у акадэміі па логіцы, метафізіцы, этыцы і рускай літаратуры, а таксама меў поспех у жывапісе. У 1818 годзе Ваньковіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Там на яго звярнуў увагу кіраўнік мастацкай школы, якая існавала пры навучальнай установе, майстар партрэта Ян Рустэм. Магчыма, менавіта дзякуючы яму Валенцій захапіўся жанрам партрэта. У гэты перыяд Ваньковіч напісаў партрэты А.Міцкевіча, Ф.Малеўскага і інш.

У 1825 годзе Валенцій прадоўжыў вучобу ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. У час навучання зблізіўся з А.Міцкевічам і Ф.Малеўскім, падтрымліваў цесныя адносіны з мастакамі Ю.Аляшкевічам і А.Арлоўскім, сустракаўся з А.Пушкіным, В.Жукоўскім, П.Вяземскім. У Санкт-Пецярбургу ён напісаў партрэты піяністкі М.Шыманоўскай, паэта А.Пушкіна і інш. У канцы 1820-х гадоў на выставе ў Акадэміі мастацтваў Ваньковіч прадэманстраваў партрэт А.Міцкевіча ("Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг"), які пасля стаў своеасаблівай візітнай карткай мастака. За малюнкі з натуры і карціну "Подзвіг маладога кіяўляніна..." Валенцій атрымаў сярэбраны і залаты медалі, а таксама права прадоўжыць адукацыю ў Еўропе за казённы кошт. Аднак адправіцца ў паездку так і не змог з-за адсутнасці грошай.

Пасля заканчэння акадэміі Ваньковіч вярнуўся на радзіму. Ён арганізаваў майстэрню ў маёнтку Малая Сляпянка (цяпер мікрараён Мінска). У 1832 годзе за партрэты, напісаныя з натуры, Акадэмія мастацтваў удастоіла яго звання "назначанага", што было апошняй прыступкай перад атрыманнем звання "правадзейнага акадэміка".

У 1839 годзе мастак вырашыў выехаць за мяжу. Ён працаваў і выстаўляўся ў Берліне, Дрэздэне, Мюнхене, капіраваў работы вялікіх майстроў эпохі Адраджэння. У верасні 1841 года Валенцій Ваньковіч прыехаў у Парыж і спыніўся ў сям'і Міцкевічаў. На той момант Валенцій быў ужо цяжка хворы, але, нягледзячы на гэта, прадаўжаў працаваць. Ён напісаў палатно "Апафеоз Напалеона", абразы "Евангеліст Іаан" і "Святая Клара". Апошняй любімай работай Ваньковіча стаў абраз "Маці Божая Вастрабрамская", перададзены ім у дар парыжскай царкве.

Мастак памёр у дзень свайго нараджэння, 12 мая 1842 года, прадыктаваўшы свайму сябру А.Міцкевічу завяшчанне. Ён быў пахаваны 14 мая 1842 года ў Парыжы на могілках Манмартр.

Да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага жывапісца ў 2000 годзе ў Мінску ў доме, пабудаваным родам Ваньковічаў у канцы XVIII стагоддзя, быў адкрыты музей "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя", філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Ствараючы гэты музей, аўтары праекта мелі пэўную мэту: адрадзіць сядзібу, зрабіць яе, як і ў XIX стагоддзі, цэнтрам музычнага і культурнага жыцця.

У 2010 годзе ў двары сядзібы была ўрачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя "Раніца мастака" работы У.Слабодчыкава, якая прысвечана Валенцію Ваньковічу і ўвекавечыла вобраз беларускага мастака-рамантыка.

У 2016 годзе завяршылася рэстаўрацыя гаспадарчага корпуса, у якім раней знаходзіліся канюшні і карэтная. Такім чынам, архітэктурнае аблічча старадаўняй гарадской шляхецкай сядзібы было цалкам адноўлена.

У музеі створаны тры экспазіцыі: інтэр'еры шляхецкай сядзібы канца ХVII - пачатку XIX стагоддзя, партрэтная галерэя з сядзібнымі партрэтамі канца ХVIII - пачатку XIX стагоддзя і мемарыяльныя залы пра жыццё і творчасць Валенція Ваньковіча. Наведвальнікі могуць убачыць ксеракопіі архіўных дакументаў пра Валенція Ваньковіча і яго род, фатаграфіі і каляровыя рэпрадукцыі партрэтаў яго пэндзля. Акрамя таго, у музеі экспануюцца сапраўдныя жывапісныя творы іншых мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, сучаснікаў Ваньковіча.

Імя выдатнага беларускага мастака маюць вуліцы ў Мінску і Гродне.

Валенцій Ваньковіч - яркі прадстаўнік мастацтва Беларусі першай паловы XIX стагоддзя. Ён адзін з нямногіх беларускіх мастакоў таго часу, які не толькі пакінуў след у айчыннай культуры, але і атрымаў вядомасць далёка за межамі Радзімы. Пражыўшы ўсяго 42 гады, мастак паспеў напісаць мноства значных твораў, якія захоўваюцца ў музеях і прыватных зборах многіх краін свету.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі