Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 студзеня 2019, 16:25

Мастак Ісаёнак прадставіць у Мінску новы праект з серыі "Зачараваны імгненнем"

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава беларускага мастака Мікалая Ісаёнка адкрыецца 23 студзеня ў мастацкай галерэі-салоне "АртХаос" у Мінску. Гэта новы праект з серыі "Зачараваны імгненнем", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галерэі.

У аснове экспазіцыі - прырода беларускай зямлі. Усяго будуць прадстаўлены каля 25 работ мастака. Гэта карціны рознага перыяду, у асноўным - беларускія пейзажы. Як адзначылі ў "АртХаосе", работы Мікалая Ісаёнка шчырыя, лірычныя і душэўныя. Яны ўсім зразумелыя, кожны ў іх знаходзіць і адкрывае штосьці сваё. Назва "Зачараваны імгненнем" гаворыць сама за сябе. Уважліваму жывапісцу прырода заўсёды дазваляе ўлавіць тонкія перамены свайго стану і ўвасобіць на палатне чысціню нябёс, рытм веснавой паводкі, прыгожае цвіценне руж і мноства іншых імгненняў. І разам з тым гэта адзінае імгненне, у якім адчуваецца ўся веліч прыроды. Мастак зноў і зноў адкрывае яе дасканаласць для сябе і для нас.

Наведаць выставу можна будзе да 6 лютага.

Мікалай Ісаёнак нарадзіўся 21 сакавіка 1947 года ў вёсцы Чарневічы Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. У 1973 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава). З 1981 года член Беларускага саюза мастакоў. У 1983 годзе ён узнагароджаны дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР. Імя Мікалая Ісаёнка ўнесена ў слоўнік Міжнароднага Кембрыджскага біяграфічнага цэнтра (Вялікабрытанія). Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква, Расія), музеях краін СНД, музеі Людвіга (Кёльн, Германія), Мастацкай галерэі Willianova University (штат Пенсільванія, ЗША), у фондах Беларускага саюза мастакоў, Саюза мастакоў Расіі, Нацыянальнага банка Лейпцыга (Германія), у прыватных калекцыях Англіі, Беларусі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Люксембурга, Кітая, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі.-0-

Фота галерэі "АртХаос"

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі