Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 сакавіка 2021, 16:10

Масленічныя гулянні ў "Бездзежскім фартушку" прадоўжацца да 14 сакавіка

1 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Драгічынскім раёне ў музеі народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" для турыстаў праводзяць традыцыйныя веснавыя абрады, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Марыя Астаповіч.

"Па календары масленічны тыдзень у гэтым годзе пачынаецца 8 сакавіка. Па просьбе турфірм мы гулянні загадзя арганізавалі, правялі ўжо для некалькіх груп. Масленіца на тэрыторыі нашага музея і сялянскага падворка "Каля плэса" будзе праходзіць да 14 сакавіка", - расказала Марыя Астаповіч.

Гасцям прапануюць шырокую праграму з наведваннем музея, частаваннем дранікамі, блінамі з варэннем або макухай, чаем на травах. Па традыцыі на Масленіцу водзяць карагоды, спяваюць песні, забаўляюцца гульнёй у старадаўнія гульні. У канцы абраду спальваюць пудзіла зімы. Кожны наведвальнік музея ў падарунак атрымлівае лялечку (ільняную або з саломкі) як сімвал надыходзячай вясны.

У "Бездзежскім фартушку" таксама традыцыйна "гукаюць вясну". Гэты абрад з году ў год там праводзяць 7 красавіка. Паўдзельнічаць у ім запрашаюць турыстаў і абавязкова мясцовых школьнікаў. З гэтай нагоды пякуць коржыкі-галёпы ў выглядзе лапы бусла і песнямі клічуць вясну і пералётных птушак. "Лічыцца, што на Благавешчанне нельга працаваць. Ёсць прымаўка, што ў гэты дзень "птушка гнязда не ўе, а дзеўка касу не пляце". Але ў нас людзі спакон веку прыходзілі з царквы, палілі печ і пяклі галёпы. Мы гатуем іх загадзя, але абавязкова праводзім для дзяцей майстар-клас, каб яны паглядзелі, як гатуецца гэты коржык, і самі папрацавалі з цестам", - дадала дырэктар музея.

Наведвальнікі "Бездзежскага фартушка" могуць акунуцца ў побыт вяскоўцаў XIX-XX стагоддзяў. Жамчужына музея - калекцыя фартушкоў, кожны з якіх эксклюзіўны. Гасцям прапануюць прагуляцца па сялянскім падворку, пачаставацца стравамі традыцыйнай кухні, прыняць удзел у аднаўленні народных абрадаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі