Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 чэрвеня 2022, 09:43

"Марыйка ў казачнай краіне": Магілёўскі абласны тэатр лялек адзначыў 45-годдзе чарговай прэм'ерай

14 чэрвеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Калектыў Магілёўскага абласнога тэатра лялек адсвяткаваў 45-гадовы юбілей чарговай прэм'ерай. Гледачы ўбачылі спектакль "Марыйка ў казачнай краіне", паведамляе БЕЛТА.

"Марыйка ў казачнай краіне" - чароўная гісторыя па матывах югаслаўскай казкі, якая будзе зразумелай, цікавай і павучальнай нават для самых маленькіх. Рэжысёрам спектакля выступіў Сяргей Сяргеенка, ён жа іграе ў пастаноўцы некалькі роляў - казачніка, паляўнічага і мядзведзя. Паводле сюжэта, маленькая дзяўчынка Марыйка з-за сваёй ляноты і кепскага характару трапляе ў дзіўную краіну Букварыю. Тут яна вучыцца працавітасці і ветлівасці, становіцца смелай і адважнай. Галоўны персанаж змяняецца ў лепшы бок, і, вядома ж, у гэтым яму дапамагае казка.

"Прататып Марыйкі - зборны вобраз дзіцяці, прычым не толькі сучаснага: дзеці ва ўсе часы застаюцца дзецьмі, - адзначыў Сяргей Сяргеенка. - Яна сапраўдная свавольніца, якая не хоча вучыцца. Паводле сюжэта, фея Алфавіт адпраўляе Марыйку ў казку, дзе яна сустракае мядзведзя, паляўнічага, Бабу-ягу і іншых персанажаў. Праз усю лінію чырвонай ніццю праходзіць тэматыка азбукі - літары, кнігі, буквары і ўсё, што з гэтым звязана".

Паводле слоў Сяргея Сяргеенкі, галоўная ідэя пастаноўкі закладзена ў радках песенькі з любімай тэлеперадачы яго дзяцінства: "АБВГДейка" - это учеба и игра, "АБВГДейка" - азбуку детям знать пора". Сюжэтныя перыпетыі павінны абудзіць у маленькага гледача жаданне вучыцца і рабіць гэта з цікавасцю. "Веру, што пасля спектакля дзеці прыйдуць дадому, дастануць кнігі і сшыткі і стануць з задавальненнем адкрываць для сябе дзіўны свет ведаў", - падкрэсліў ён.

"Марыйка ў казачнай краіне" стала чацвёртай рэжысёрскай работай Сяргея Сяргеенкі. Усе пастаноўкі зусім розныя, аднак ёсць звяно, якое іх аб'ядноўвае, - любоў. "Любоў - рухаючая сіла ўсіх і кожнага, і гэта пачуццё прысутнічае і чытаецца ў кожным маім спектаклі, - адзначыў ён. - Гэта ключык да сэрца і дзіцяці, і дарослага. Калі адштурхвацца толькі ад дзіцяці - выніку не будзе, як і наадварот. Спектакль - вельмі складаная форма, дзе трэба ўлічваць нюансы гледачоў усіх узростаў: усе глядзяць адзін спектакль, аднак дзіця бачыць сваю гісторыю, дарослы - сваю".

Прэм'ера стала адным з падарункаў калектыву тэатра да 45-годдзя. Паводле слоў дырэктара ўстановы культуры Уладзіміра Андрэенкі, гэта дата невялікая ў часовай прасторы, аднак за гэты перыяд шмат чаго зроблена. "У першую чаргу мы заваявалі незлічоную колькасць глядацкіх сэрцаў, як дзіцячых, так і дарослых, - сказаў ён. - Тэатр - гэта першааснова прыстойнасці і дабрыні, належнага стаўлення да жыцця і старэйшага пакалення, своеасаблівая школа маралі. Згадзіцеся, гэтага ўжо дастаткова".

Паводле слоў кіраўніка тэатра, свет камп'ютарызаваны, гаджэты шмат у чым замянілі жывыя стасункі. Аднак гэта не значыць, што тэатр не павінен існаваць. "Нашы спектаклі вельмі разнапланавыя, але галоўнае, яны даюць зразумець гледачу, што жыццё цудоўнае і дзіўнае, - падкрэсліў ён. - Тэатр дае чалавеку разуменне, якія жыццёвыя арыенціры важныя. Таму мы будзем прадаўжаць сваю работу далей і ставіць новыя спектаклі. Калі спынімся на дасягнутым, тэатра ўжо не будзе".

Магілёўскі абласны тэатр лялек з'явіўся ў 1976 годзе. Першы спектакль быў паказаны 23 мая 1977 года: магіляўчане і госці абласнога цэнтра ўбачылі на сцэне займальную гісторыю "Тыграня Петрык" паводле п'есы Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. З гэтага моманту і да сённяшніх дзён установа культуры дынамічна развіваецца і пастаянна здзіўляе юных гледачоў новымі спектаклямі. Цяпер у рэпертуары каля 40 спектакляў. Усяго ва ўстанове культуры працуе амаль 80 чалавек, у тым ліку 16 акцёраў. За апошні час калектыў амаладзіўся амаль на 60 працэнтаў. Залы запоўнены больш як на 80 працэнтаў, нават на ўзроўні рэспублікі гэта выдатны паказчык.

Магілёўскі абласны тэатр лялек тройчы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія", не раз атрымліваў вышэйшыя ўзнагароды прэстыжных айчынных і міжнародных фестываляў і конкурсаў. Год таму ўстанове культуры прысвоена званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі