Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 кастрычніка 2020, 16:00

Марта Данусевіч дэбютуе на сцэне Вялікага тэатра ў оперы "Іаланта" 17 кастрычніка

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Оперу "Іаланта" Пятра Чайкоўскага прадставяць 17 кастрычніка ў Вялікім тэатры Беларусі. Загалоўную партыю выканае выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марта Данусевіч, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"З ранняга дзяцінства я марыла быць опернай спявачкай. Усе мае родныя і блізкія гаварылі бацькам, што трэба адвесці дзяўчынку ў музычную школу і займацца вакалам. Не спецыяльна, хутчэй планамерна ў жыцці склалася так, што я не бачыла іншага жыцця - заўсёды ведала, што буду выконваць оперу", - адзначыла Марта Данусевіч.

Марта Данусевіч стала салісткай Вялікага тэатра Беларусі ў маі 2015 года. Яна іграла Мімі ў "Багеме" Джакама Пучыні, Сэнту ў "Лятучым галандцы" Рыхарда Вагнера, Таццяну ў оперы "Яўген Анегін" Пятра Чайкоўскага. Акрамя таго, спявачка выступала на канцэрце аркестра "Віртуозы Масквы" пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета ў Антверпене (Бельгія). У час гастролей у Францыі опернай трупы Вялікага тэатра Расіі яна ўдзельнічала ў канцэртным выкананні "Арлеанскай дзевы" Пятра Чайкоўскага ў Тулузе і Парыжы, а таксама гастралявала ў Аўстрыі, Францыі, Бельгіі, Расіі.

Дарэчы, Марта Данусевіч ужо выконвала загалоўную партыю ў оперы "Іаланта" на іншых сцэнічных пляцоўках. У маладзёжнай праграме Вялікага тэатра Расіі спявачка рыхтавала яе з вядучымі коўчамі свету. "Мой дэбют у оперы "Іаланта" на беларускай сцэне рыхтаваўся з красавіка гэтага года. З-за складанай эпідсітуацыі тэатр быў вымушаны перанесці частку спектакляў на восень. Вельмі чакаю выступлення. Хочацца данесці да гледача светлую, чыстую, рамантычную, недзе наіўную гісторыю кахання, расказаць пра ўзаемаадносіны маладых людзей", - адзначыла спявачка.

Паводле слоў Марты Данусевіч, яшчэ з'яўляючыся стажорам Вялікага тэатра Беларусі, у гэтай пастаноўцы яна спявала партыю іншага героя - Лаўры і праз некаторы час падрыхтавалася да галоўнай ролі. "Іаланта мне вельмі блізкая па духу, падабаецца яе іграць. Гэта спецыфічная роля. Часта яе выконваюць больш лірычныя сапрана, але напісана яна для цэнтральнага сапрана. Каб паўнацэнна агучыць увесь дыяпазон, важна мець баланс паміж аркестрам і салістам. Акрамя таго, я блізкая па ўзросце да гераіні, мне толькі 30 гадоў", - звярнула яна ўвагу.

"Гледачу варта ўбачыць гэту оперу, паколькі ў наш няпросты час, ускладнены праблемамі і клопатамі, вельмі важна для кожнага чалавека звярнуцца да чагосьці натхняльнага і пры гэтым абнадзейлівага. Праблемы нашага грамадства, свету часовыя. Самае важнае ў жыцці людзей - любоў да блізкіх, сяброў, да жыцця, вера ў Бога і надзея на лепшую будучыню", - падкрэсліла спявачка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі