
8 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу "У гасцях у казкі" гомельскай мастачкі Настассі Шабалтас адкрыецца 9 лютага ў музеі аўтографа Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І.Герцэна, паведамілі БЕЛТА ў сетцы публічных бібліятэк горада Гомеля.
Экспазіцыю, якая стане часткай праекта "Жывы аўтограф", складуць больш за тры дзясяткі работ, выкананых алеем на палатне.
Гэта палотны з рознымі сюжэтамі і казачнай тэматыкай. "Карціны не толькі расказваюць сваю гісторыю, маляўнічую і цікавую, але і апавядаюць аб аўтары, якая ўкладвае ў іх усю душу і любоў да людзей, жывёл, да прадметаў, натхняючы іх. Гэта таксама фантастычны марскі свет з рыбкамі, ракавінкамі, жэмчугам, марскімі конікамі, які вабіць сваім чарадзействам. Гэта і феі, загадкавыя нацюрморты з птушкамі і гномамі", - пералічылі ў дзяржаўнай установе.
Арганізатары абяцаюць: наведвальнікі выставы акунуцца ў добрыя казачныя сюжэты, напоўненыя глыбокім сэнсам і тонкім аўтарскім густам.
Настасся Шабалтас-Саўчанка нарадзілася ў ліпені 1988 года ў Гомелі. Маляваць пачала з трох гадоў. З самага дзяцінства надзяляла жывёльны і раслінны свет пачуццямі, якія ўласцівы людзям, а людзей - фантастычнымі вобразамі. Выстава "У гасцях у казкі" прадоўжыцца да 13 сакавіка. Уваход свабодны.-0-