
12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ядноўваючы вопыт, веды і рэсурсы, мы зможам дабіцца шмат чаго. Аб гэтым заявіў міністр культуры Анатоль Маркевіч на адкрыцці першага беларуска-расійскага музейнага форуму ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я ўпэўнены, што рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей адкрые новыя перспектывы для нашых адносін і надасць імпульс паступальнаму развіццю сферы культуры, будзе садзейнічаць павышэнню якасці духоўнага жыцця грамадзян нашых краін", - сказаў Анатоль Маркевіч.


Міністр падкрэсліў, што для забеспячэння бяспекі традыцыйнай культуры міністэрствы дзвюх краін праводзяць каласальную работу. "Пашырана геаграфія дзён культуры, падпісваюцца пагадненні і мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж нашымі ўстановамі, арганізоўваюцца дзелавыя сустрэчы, семінары, круглыя сталы, праводзяцца абменныя выстаўкі паміж музеямі. З 2022 года закладзена вельмі добрая традыцыя правядзення Дзён духоўнай культуры. Упэўнены, што, аб'ядноўваючы вопыт, веды і рэсурсы, мы зможам дабіцца многага", - адзначыў ён.

Паводле яго слоў, ужо сёння ёсць яскравыя прыклады супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы культуры. "Сумесны праект Нацыянальнага гістарычнага музея з РАСФОТА (Дзяржаўны музейна-выставачны цэнтр РАСФОТА. - Заўвага БЕЛТА) дазваляе беларускім музеям вывучаць і пераймаць вопыт па алічбоўцы фондаў. Праводзіцца работа па вяртанні культурных каштоўнасцей. У 2022 годзе стала магчымым вяртанне 14 копій карцін з музейных калекцый Калугі, Арла, Смаленска, перадача дзвюх палімерных копій рэліквіі беларускага народа - кубка святой Ядвігі XII стагоддзя, які захоўваецца ў Эрмітажы", - дадаў Анатоль Маркевіч.-0-