Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 студзеня 2021, 17:48

Маркевіч: наведванне мясцін баявой славы - даніна памяці і павагі старэйшаму пакаленню

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наведванне мясцін баявой славы народа - даніна памяці і павагі старэйшаму пакаленню, сказаў журналістам міністр культуры Анатоль Маркевіч на мітынгу ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце з нагоды старту 56-га "Зорнага паходу" па мясцінах баявой і працоўнай славы беларускага народа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Зорны паход" - шматгадовая традыцыя педагагічнай ВНУ краіны. "Наведванне мясцін баявой і працоўнай славы народа стала неад'емным фактарам патрыятычнага выхавання маладых людзей. Паколькі, удзельнічаючы ў сённяшнім мерапрыемстве, вы не толькі наведваеце населеныя пункты, знаёміцеся са славутасцямі - вы аддаяце даніну памяці і павагі старэйшаму пакаленню, людзям, якія стаялі ля вытокаў фарміравання краіны", - звярнуўся да студэнтаў Анатоль Маркевіч.

"Вядома, што любая краіна, любая нацыя моцная сваёй духоўнай спадчынай, патэнцыялам моладзі. Сёння вельмі важна, каб малады чалавек быў не толькі высокаадукаваным, але любіў і паважаў родную зямлю. Мы жывём у цудоўнай, мірнай дзяржаве, ведаем гісторыю і будуем планы на будучыню, але мы ніколі не павінны забываць страшнага ваеннага ліхалецця. Трэба памятаць, што менавіта дзякуючы савецкаму салдату, партызанам, падпольшчыкам і працаўнікам тылу здабыта вялікая перамога, якая прынесла вызваленне ўсяму чалавецтву ад страшнай фашысцкай чумы. Нізкі паклон нашым ветэранам, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця", - сказаў міністр.

Больш за 250 студэнтаў і выкладчыкаў наведаюць Дзяржынскі, Крупскі, Любанскі, Слуцкі, Салігорскі і Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці, Лідскі і Навагрудскі раёны Гродзенскай вобласці. У час паходу яны правядуць мітынгі і ўскладуць кветкі да брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выступяць з канцэртнымі праграмамі ва ўстановах адукацыі, правядуць прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, арганізуюць майстар-класы і спартыўныя спаборніцтвы.

"Я глыбока перакананы, што ў нас цудоўная, таленавітая і крэатыўная моладзь. Менавіта ёй падымаць нашу родную Беларусь на новыя вышыні, вырашаць складаныя задачы, якія дыктуе само жыццё. Упэўнены, што з такой моладдзю ўсе задачы пад сілу", - дадаў Анатоль Маркевіч.

Важным аспектам правядзення акцыі стаў удзел у ёй будучых педагогаў. "Асабліва важна, што гэтым праектам займаюцца будучыя педагогі, якія ў хуткім часе прыйдуць у навучальныя ўстановы. Менавіта ім у далейшым фарміраваць светапогляд падрастаючага пакалення. Наколькі сённяшнія студэнты пранікнуцца патрыятызмам, пачуццём адказнасці перад калегамі і грамадствам, настолькі гэта разуменне яны перададуць дзецям", - падкрэсліў міністр.

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай дадаў, што "Зорны паход" унікальны сваёй гісторыяй, таму што сама лічба 56 сведчыць пра глыбокую і сур'ёзную традыцыю. "Гэта захаванне гістарычнай памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якая асабліва важная ў маладзёжным асяроддзі. Цяпер у інфармацыйным полі спрабуюць сказіць і перапісаць гісторыю, гіпертрафіраваць гістарычную памяць і факты", - сказаў Аляксандр Кадлубай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі