Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 студзеня 2023, 16:40

Маляўнічы зімовы парад правядуць на фестывалі "Берасцейскія сані" 14 студзеня

11 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Маляўнічы зімовы парад правядуць у Баранавічах на абласным фестывалі-кірмашы "Берасцейскія сані". Аб гэтым паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Міхаіл Бацэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міхаіл Бацэнка звярнуў увагу, што ў 2023 годзе Баранавічы прымуць некалькі рэгіянальных мерапрыемстваў. "13-15 студзеня ў нас будуць "Берасцейскія сані", у чэрвені - "Вытокi". А 17 верасня ў Баранавічах пройдзе абласное свята да Дня народнага адзінства, - расказаў мэр Баранавіч. - Што датычыцца "Берасцейскіх саней", то асноўны дзень - 14 студзеня. У 12.00 на плошчы Леніна пачнецца ўрачыстае адкрыццё свята. Будзе парад прадпрыемстваў".

На чале парада праедуць Дзед Мароз са Снягурачкай на санях, запрэжаных у тройку коней. Павітае гледачоў ансамбль мажарэтак "Халідэй". Чакаецца, што ў калоне праедуць каля 20 стылізаваных платформ. Першыя тры будуць належаць Баранавіцкаму аддзяленню Беларускай чыгункі. "Будуць платформа-паравоз і платформа-электравоз, як сувязь мінулага з сучаснасцю. На чале парада - чыгунка, таму што менавіта дзякуючы ёй горад пачаў сваю гісторыю", - растлумачыў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама.

У парадзе можна будзе ўбачыць крэатыў ад 558-га авіярамонтнага завода, парку жывёл "Дыпрыз", аўтобуснага парку Баранавіч, Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб'яднання, водаканала, завода "Атлант", "Баранавічхлебапрадукта", "Брэстэнерга", міжрайгаза, птушкафабрыкі "Дружба". Сябе прэзентуюць і госці з Брэста - "Белалка", "Брэстжылбуд", "Савушкін прадукт" і Брэсцкі мясакамбінат.

У цэлым 14 студзеня гулянні разгорнуцца на некалькіх пляцоўках. Гандлёвыя рады будуць працаваць з 10.00 да 23.00. На кірмашы можна будзе прадэгуставаць прадукцыю і па прывабных цэнах набыць тавары, якія спадабаліся. Свае вырабы прапануюць і рамеснікі. Таксама госці змогуць наведаць выставу ўдзельнікаў фестывалю, дзе сябе прэзентуюць прадпрыемствы. "Дылер "Джылі" ў тым ліку пакажа навінку - электрамабіль. Завод "Брэстмаш" будзе ўдзельнічаць са сваімі новымі распрацоўкамі. Будзе цікава", - заінтрыгаваў Міхаіл Бацэнка.

Парк 30-годдзя УЛКСМ стане вялікай дзіцячай гульнявой пляцоўкай. Там устанавілі мноства ззяючых інсталяцый. Можна будзе палюбавацца жывёламі, якія жывуць у парку "Дыпрыз". Дзяцей запросяць паўдзельнічаць у казачным квесце і паслухаць тэматычны канцэрт.

Паводле слоў мэра Баранавіч, арганізатары паклапаціліся аб музычнай праграме. З 13.30 да 14.30 адбудзецца канцэрт народнага вакальнага ансамбля "Белы птах". Далей выступяць калектывы Баранавіцкага раёна. У 16.00 на сцэну выйдуць хэдлайнеры фестывалю - група "Дразды". Сваёй творчасцю парадуюць эстрадна-джазавы ансамбль з расійскай Пензы і мінская кавер-група. На 21.00 запланавана лазернае шоу, феерверк, пасля чаго пачнецца інтэрактыўная дыскатэка.

"Усіх фішак адкрываць не буду. Павінны заставацца сюрпрызы", - сказаў Міхаіл Бацэнка.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук падкрэсліў, што на тры дні Баранавічы стануць вялікай фестывальнай пляцоўкай, дзе забавы змогуць для сябе знайсці людзі рознага ўзросту. "На працягу трох дзён усё будзе цікавым і насычаным. Фестываль "Берасцейскія сані" становіцца фішкай Брэсцкага рэгіёна", - падкрэсліў віцэ-губернатар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі