
2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Традыцыйнае малдаўскае свята сустрэчы вясны Мэрцішор адзначылі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Свята сустрэчы вясны Мэрцішор упершыню прайшло ў музеі гісторыі беларускай літаратуры. Святочная праграма пачалася з дэгустацыі нацыянальных малдаўскіх страў і майстар-класа па вырабе сімвала вясны - мэрцішоркі. Таксама можна было паглядзець выставу тканых дываноў, вышываных ручнікоў і нацыянальных убораў малдаван.
"Вельмі радасна, што ў такім храме культуры праводзіцца малдаўскае свята, якому больш за 800 гадоў. Тут мы выставілі прадметы культу: дываны, ручнікі, аформілі "каса марэ" - самы галоўны пакой для малдаван. У кожнай сям'і ёсць такі нежылы пакой, дзе праводзяцца ўсе святы. Прадставілі сваю кухню: малдаўскія галубцы, плацынды, таксама нашы майстры спяклі вельмі прыгожы хлеб, - расказала старшыня Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі "Суполка малдаван" Антаніна Валько. - У гэтым годзе разам са святам сустрэчы вясны мы адзначаем і трыццацігоддзе, як зарэгістравана наша арганізацыя".
Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік адзначыў, што мерапрыемствам "Мэрцішор" адкрыўся сумесны праект музея і Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур "Пад адзіным небам Беларусі", прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. "Такія мерапрыемствы дапамагаюць культурна ўзбагаціцца беларусам і раскрыць усё хараство і багацце культур тых народаў, якія пражываюць у нашай краіне", - расказаў Сяргей Усік.
Намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Алена Госцева ў час свята расказала, што Мэрцішор у Беларусі штогод праводзілася на базе Цэнтра нацыянальных культур, таму яно ўжо стала ўжо сваім святам. У бягучым годзе дзякуючы кіраўніцтву і супрацоўнікам музея гісторыі беларускай літаратуры ён прайшоў у музеі. Таксама Алена Госцева адзначыла, што Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур супрацоўнічае са многімі нацыянальнасцямі.
Першы сакратар Пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Таццяна Чаркез расказала гасцям свята, як Мэрцішор святкуецца ў Малдове.
"У нас Мэрцішор святкуецца вельмі маштабна. Звычайна ў гэты дзень пачынаецца фестываль музыкі, які праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах Малдовы з выступленнем самых лепшых артыстаў і доўжыцца недзе 10 дзён", - сказала Таццяна Чаркез.
Для гасцей свята была арганізавана канцэртная праграма з выступленнем вакальнай малдаўскай групы "Плай", сольных выканаўцаў і прадстаўнікоў малдаўскай дыяспары.
Мерапрыемства праводзілася пры ўдзеле Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі "Суполка молдаван" і пасольства Малдовы ў Беларусі.-0-