ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 20 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 чэрвеня 2021, 12:06

Маладзечна сустракае гасцей юбілейнага фестывалю беларускай песні і паэзіі

Фота з архіва
Фота з архіва

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2021" пройдзе 11-13 чэрвеня і збярэ таленавітых выканаўцаў, паэтаў, музыкантаў, кампазітараў, майстроў, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Праект накіраваны на захаванне і развіццё роднай мовы, традыцый і нацыянальнай музыкі, садзейнічае аб'яднанню творчых сіл, пераемнасці пакаленняў.

Першы фестывальны дзень пачнецца з падарожжа па старонках гісторыі форуму. У 10.00 у выставачным фае Палаца культуры адкрыецца экспазіцыя "Фестываль. Духоўнасць. Культура".

У 10.30 у канцэртнай зале свой талент прадэманструюць удзельнікі ІІ тура рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай нацыянальнай песні. Конкурс - неад'емная частка фестывалю. Адметная асаблівасць яго ў тым, што суправаджае выступленні ўдзельнікаў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга. Пачуць гэту калабарацыю ў бягучым годзе можна ў час III тура рэспубліканскага этапу конкурсу, пачатак у 15.00.

У абласным тэатры лялек "Батлейка" ў 12.00 па матывах беларускіх народных казак дзецям малодшага ўзросту і іх бацькам пакажуць спектакль "Казкі з куфэрка" - гісторыю пра бедную сіротку, якую злая мачыха паслала ноччу на зачараваны млын.

Мінскі абласны краязнаўчы музей у 12.30 сустрэне гасцей і жыхароў горада на персанальнай выставе ўраджэнца сталічнага рэгіёна, майстра манументальнай скульптуры, лаўрэата дзяржпрэміі Аляксандра Фінскага "Спявак культуры краю".

Душэўны і цікавы праект "Асоба эпохі" арганізуе ў бягучым годзе творчую сустрэчу з народнай артысткай Беларусі Настассяй Масквіной - салісткай Вялікага тэатра Беларусі, уладальніцай прыгожага, мяккага сапрана. Сустрэча з ёю адбудзецца ў Малой зале Палаца культуры ў 15.00.

У 17.00 на сцэне абласнога драмтэатра пройдзе спектакль "На другі дзень сёмухі". Гэта сцэнічны жарт на драматургічнай аснове "Прымакоў" Янкі Купалы. Пастаноўку вызначае непаўторны купалаўскі гумар, які ілюструе менталітэт беларусаў таго часу.

Урачыстае адкрыццё юбілейнага фестывалю традыцыйна пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра ў 21.30. На канцэрце ўзнагародзяць лаўрэатаў конкурсу, гледачоў чакае прэм'ера канцэрта "Талака", прысвечанага творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Маляўнічы феерверк у гонар юбілею фестывалю завершыць першы дзень.

Другі дзень пачнецца з канцэрта акадэмічнай музыкі "У гонар беларускай музычнай будучыні". Музычная сустрэча пройдзе ў 10.30 у канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.

У 11.00 абласны драмтэатр запрашае прыхільнікаў Мельпамены на спектакль "Проста Мяфа" - вясёлую і павучальную казку пра жыццё свойскіх гадаванцаў.

Дапоўніць насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт "Маладзічок" запальвае зоркі" лаўрэатаў ІX Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні "Маладзічок-2021", які пачнецца ў 11.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры. "Маладзічок" з 2005 года папулярызуе дзіцячую і юнацкую эстрадную творчасць, павышае мастацкі ўзровень выканаўцаў, дапамагае ім раскрыцца.

У 14.00 заслужаны дзеяч культуры Беларусі Навум Гальпяровіч і госці аўтарскага праекта "Суразмоўцы" тэлеканала "Беларусь 3" закрануць актуальныя праблемы развіцця беларускай літаратуры, ролю роднай мовы ў фарміраванні грамадскай самасвядомасці і культуры. Мерапрыемства адбудзецца ў Зале ўрачыстасцей Палаца культуры.

Канцэртная зала музкаледжа імя М.Агінскага запрашае ў 15.00 на творчы праект "Сімфанічная рапсодыя", дзе ў выкананні маладых талентаў прагучыць музыка розных эпох.

Малая зала Палаца культуры ў 16.00 збярэ захопленых мастацтвам людзей на музычна-паэтычную гасцёўню "Святло Радзімы. Радасць Перамогі" з удзелам беларускіх паэтаў, іншых дзеячаў культуры і мастацтва, фіналістаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка".

У 17.00 у канцэртнай зале Палаца культуры пачнецца спектакль "Паўлінка" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

І нарэшце, у Летнім амфітэатры ў 21.30 адбудзецца канцэрт закрыцця фестывалю "Маладзечна - насустрач шлягерам" з удзелам зорак беларускай эстрады, пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў.

Асаблівым падарункам трэцяга дня фестывалю стане ў 18.00 канцэрт "Прысвячэнне песняру" Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" ў зале Палаца культуры, прымеркаваны да 80-годдзя заснавальніка ансамбля народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.

Фестывальная праграма прапануе і іншыя цікавыя мерапрыемствы: ад канцэртаў духавых аркестраў і харавых калектываў да тэлеперадач і праектаў, такіх як "Роднае слова". У тым ліку 12 чэрвеня ў Чысцінскім сельскім Доме культуры Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі прадставіць новую праграму.

У дні форуму будуць працаваць адкрытыя пляцоўкі, дзе таксама будзе панаваць свята: закруцяць танцы і карагоды, будуць гучаць песні і музыка, разгорнецца "Горад майстроў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі