Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2019, 12:26

Маладыя піяністы з пяці краін прымуць удзел у конкурсе імя Рыхтэра ў Брэсце

12 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. III Міжнародны конкурс маладых піяністаў імя Святаслава Рыхтэра пройдзе ў Брэсце з 13 па 20 сакавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар абласнога музычнага таварыства, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Лілія Батырава.

Заяўкі на гэты конкурс прыслалі 38 маладых музыкантаў з пяці краін, у тым ліку Беларусі, Азербайджана, Літвы, Расіі, Украіны. Удзельнікі будуць спаборнічаць у трох узроставых катэгорыях ад 12 да 24 гадоў. Яны павінны будуць на памяць выканаць паліфанічную музыку Баха (сюіты, партыты, прэлюдыі, фугі), санатнае allegro венскіх класікаў (Гайдна, Моцарта, Бетховена), кампазіцыю свабоднай формы на выбар, твор беларускага кампазітара ХІХ-ХХІ стагоддзяў. Праграма выступлення ў залежнасці ад узросту ўдзельніка разлічана на 20-25 мінут.

Міжнароднае журы ўзначаліць загадчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі дацэнт Уладзімір Дулаў. Разам з ім ацэньваць майстэрства маладых піяністаў будуць польскі кампазітар, піяніст-віртуоз Канстанцін Віленскі; дацэнт кафедры спецыяльнага партэпіяна Саратаўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Л.В. Собінава, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ірына Хрулькова; прафесар Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра Вераніка Вітайтэ.

Пасля праслухоўвання конкурсных праграм у акадэмічнай зале Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы адбудуцца вячэрнія канцэрты членаў журы. Так, Ірына Хрулькова сыграе 15 сакавіка шэсць п'ес з сач. 51 Чайкоўскага, санату Моцарта, эцюды Шапэна, зборнік п'ес Ліста з цыкла "Гады вандраванняў" і яго фартэпіянную транскрыпцыю паланэза з оперы Чайкоўскага "Яўген Анегін". Старшыня журы Уладзімір Дулаў на ўрачыстым адкрыцці конкурсу, якое адбудзецца ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы 13 сакавіка, выканае канцэрт Брамса для фартэпіяна з аркестрам рэ мінор.

Конкурс праводзіцца ў мэтах увекавачвання памяці вялікага піяніста XX стагоддзя, які не аднойчы бываў і выступаў у Брэсце, павышэння ўзроўню прафесійнага выканальніцкага майстэрства маладых піяністаў, прапаганды творчасці сусветных класікаў і беларускіх кампазітараў, папулярызацыі розных выканальніцкіх школ, сустрэч з выдатнымі майстрамі фартэпіяннага мастацтва XXI стагоддзя.

На закрыцці форуму 20 сакавіка ў БАТД народны артыст Беларусі прафесар Ігар Олоўнікаў дасць вялікі канцэрт у гонар дня нараджэння выдатнага піяніста ХХ стагоддзя. Прагучаць творы, якія любіў выконваць Рыхтэр: саната "Апасіяната" Бетховена, накцюрн і баркарола Шапэна, сімфанічныя эцюды Шумана. Завершыць канцэрт сюіта для двух фартэпіяна да оперы Бізэ "Кармэн" у аўтарскай апрацоўцы.

Міжнародны конкурс маладых піяністаў імя Святаслава Рыхтэра праводзіцца адзін раз у два гады.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Брэсцкі гарвыканкам, абласное музычнае таварыства, Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р. Шырмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі