Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 кастрычніка 2021, 09:21

Майстры мастацкага тэкстылю з пяці краін прадставілі работы ў галерэі Шчамялёва

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная выстава сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыя Here, There and Everywhere ("Тут, там і паўсюль") адкрылася ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д.Шчамялёва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я разумею, як складана ва ўмовах пандэміі зрабіць міжнародную выставу, але ў куратара экспазіцыі Хрысціны Высоцкай усё атрымалася, - сказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч. - Гэта ўжо не першы яе праект. Я бачу, як гараць вочы мастачкі, бачу яе жаданне паказаць, што тэкстыль сёння даволі сучаснае мастацтва. Прадстаўленая экспазіцыя разбівае наша традыцыйнае ўяўленне аб тэкстылі як аб нечым дэкаратыўным і дэманструе яго ў якасці добрай, яркай і цікавай мастацкай з'явы".

Выстава паказвае актуальную карціну сучаснага этапу развіцця мастацтва тэкстылю з розных куткоў зямлі. Акрамя таго, экспазіцыя транслірюе новы погляд на старадаўнія традыцыі мастацтва тэкстылю, яго пераасэнсаванне ў іншых напрамках мастацтва і змешаных тэхніках.

Паводле слоў мастацтвазнаўцы Ларысы Фінкельштэйн, наведвальнікам праекта прапанавалі сапраўдныя тэкстыльныя скульптуры. "Вядома, куратар выставы тут саліруе, але яна сабрала выдатны аркестр, які разам з ёю стварыў вялікі тэкстыльны сімфанізм. Звярніце ўвагу на разнастайныя манеры, прафесійныя школы і ментальнасці. Тут прадстаўлены вялікі геаграфічны роскід мастакоў. Выстава разнастайная, але ў той жа час суцэльная. Можна ўбачыць сур'ёзнае разуменне формы аўтараў, пошук колеру ў тэкстылі, цікавае асваенне і разуменне прасторы", - дадала мастацтвазнавец.

У экспазіцыі прадставілі больш за 100 работ. Іх аўтары - мастак Судзе Дадрас (Іран, ЗША), Мануэль Вандл (Аўстрыя), Стэфан Secretspaces (Германія), Рахул Шарма (Індыя, Нідэрланды) і Хрысціна Высоцкая (Беларусь). У сваіх творах майстры звязваюць розныя ідэйна-сэнсавыя і фармальна-пластычныя падыходы. Кожны аўтар па-свойму даследуе магчымасці тэкстылю не толькі з дапамогай тэхнікі і матэрыялу, але і як асаблівую філасофію і светапогляд.

Як адзначыла старшыня секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў Вольга Раднікіна, раней мы маглі сачыць за сусветным развіццём тэкстылю толькі праз камп'ютар, а цяпер гэта можна рабіць у рэчаіснасці. "Гэта вельмі значная падзея. Даўно ў нас не было такога эксперыментальнага энергетычнага абмену, і дзякуючы экспазіцыі мы можам паглядзець на вопыт сур'ёзных мастакоў, ацаніць яго і нават натхніцца", - дадала яна.

Аўтар ідэі і куратар выставы Хрысціна Высоцкая расказала, што ідэя зрабіць выставу з'явілася год таму. “Акрамя таго, што я мастак, які працуе ў тэкстыльнай скульптуры, цяпер я заканчваю аспірантуру, таму апошнія тры гады грунтоўна вывучала стан мастацкага тэкстылю не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў свеце, і гэта моцна паўплывала на мяне. Ідэя тэкстыльнай філасофіі – напрамак, які цяпер актыўна развіваецца. Тэкстыль ужо не проста матэрыял або тэхніка, а жыццёвая філасофія. Мне хочацца прыўнесці ў мастацтва Беларусі новыя хвалі. Пакуль што ў нас тры залы і пяць мастакоў, але выстава называецца "Тут, там і паўсюль", таму хочацца паказаць, якія мы, якія мастакі ў іншых краінах, якія каштоўнасці мы нясём. У кожнага з нас свой унутраны свет, эстэтыка і бэкграўнд, і кожны хоча прадставіць сваё пасланне", - растлумачыла куратар.

На адкрыццё выставы прыехаў аўстрыйскі мастак Мануэль Вандл і адзначыў, што для яго вялікі гонар паказаць свае работы беларускай публіцы.

Гледачы змогуць наведаць сустрэчы з удзельнікамі праекта і экскурсіі. Іх мэта - паказаць унікальнае бачанне мастацтва тэкстылю, непаўторны стыль і дух творчасці кожнага майстра.

Праект будзе працаваць да 28 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі