
21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Свята пісанкі, якое ўжо стала візітнай карткай гарадскога пасёлка Сапоцкін у Гродзенскай вобласці, пройдзе 23 красавіка сёмы раз, госці яркага вясенняга фестывалю змогуць даведацца больш пра беларускія народныя традыцыі ў роспісе велікодных яек, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Мясцовая тэхналогія вырабу велікодных яек - пісанак - унесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як элемент нематэрыяльнай спадчыны.
У Сапоцкіне створаны Музей пісанкі, дзе сабрана больш за 1,5 тыс. яек, дэкарыраваных у розных тэхніках. Акрамя наведвання музея, госці рэгіёна ў свята пісанкі змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах па роспісе велікодных яек і паслухаць старадаўнія песні ў выкананні творчых калектываў Гродзенскага раёна.-0-