Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2020, 11:51

Магілёўскі драмтэатр прымае білеты на адмененыя спектаклі "М@rt.кантакта"

12 сакавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Магілёўскі абласны драматычны тэатр з 12 сакавіка пачаў прымаць у гледачоў білеты на спектаклі Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму "М@rt.кантакт", адмененага з-за каранавіруса ў большасці краін - удзельніц фестывалю. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ва ўстанове культуры.

"Папярэдне на спектаклі форуму было выкуплена больш за 80 працэнтаў білетаў, - удакладнілі субяседнікі. - З 12 сакавіка гледачы могуць здаць або абмяняць іх на іншыя пастаноўкі. Каб вярнуць грошы, прыватным асобам неабходна здаць свой білет да 27 сакавіка, запланаванага дня завяршэння форуму. Вяртанне сродкаў арганізацыям і юрыдычным асобам будзе ажыццяўляцца на працягу месяца".

Білеты, набытыя ў касе тэатра, а таксама ва ўпаўнаважаных распаўсюджвальнікаў за наяўны разлік, прымаюцца ў касе тэатра разам з чэкам. Калі гледачы купілі білет на інтэрнэт-сайце праз сістэмы аплаты АРІП і bePaid, ім неабходна звярнуцца да адміністратара сэрвісу.

У Магілёўскім драмтэатры таксама звяртаюць увагу, што гледачы могуць не толькі здаць білеты, але і абмяняць іх на іншыя: запланаваныя ў час форуму спектаклі беларускіх тэатраў пакажуць на магілёўскай сцэне. Гэта пастаноўкі "Убачыць ружовага слана" незалежнай тэатральнай кампаніі HomoCosmos (г. Мінск), "Тарцюф" Магілёўскага драмтэатра і два спектаклі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі - "Шлюб з ветрам" і "Бетон".

Білеты, набытыя на гэтыя спектаклі раней, застаюцца сапраўднымі.

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt.кантакт" павінен быў прайсці ў гэтым годзе з 21 па 27 сакавіка. У яго праграме былі заяўлены 24 спектаклі з 11 краін свету. У большасці гэтых краін адзначаецца нестабільная эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні на каранавірус. У мэтах бяспекі арганізатары форуму прынялі рашэнне адмяніць у бягучым годзе гэту тэатральную падзею.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі