Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 красавіка 2020, 17:34

Магілёўскі драмтэатр адмяняе спектаклі і пераходзіць на рэпетыцыйны рэжым

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магілёўскі драматычны тэатр з 1 па 21 красавіка адмяняе ўсе спектаклі і пераходзіць на рэпетыцыйны рэжым работы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Вольга Семчанка.

"У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася, істотна знізілася наведвальнасць спектакляў як у Магілёве, так і па ўсёй рэспубліцы, - растлумачыла субяседніца рашэнне адміністрацыі тэатра. - Магіляўчане стараюцца пазбягаць месцаў масавага скопішча людзей, адмаўляюцца ад наведвання мерапрыемстваў, у тым ліку ад паходаў у тэатр. Акцёры іграюць практычна у пустой зале: на паказ выкупляецца ўсяго 10-15 білетаў. Гэта эканамічна немэтазгодна, улічваючы затраты на электраэнергію, ацяпленне і зарплату супрацоўнікам".

У бліжэйшы час тэатр пяройдзе на рэпетыцыйны рэжым: трупа рыхтуе некалькі яркіх прэм'ер, асноўныя з якіх запланаваны на май. Так, рэжысёр Віктар Куржалаў працуе над спектаклем "Прыйшоў мужчына да жанчыны" - гісторыяй у адной дзеі паводле п'есы Сямёна Злотнікава. На малой сцэне тэатра гледачам прадставяць канцэртную праграму "Рамантыка # LOVE". Завяршаюцца рэпетыцыі спектакля рэжысёра Камілі Хусаінавай паводле апавяданняў Васіля Шукшына. Таксама калектыў пачаў падрыхтоўку ліпеньскай прэм'еры "Гандзі маўчаў па суботах" паводле п'есы расійскага драматурга Анастасіі Букрэевай.

Не спыняецца работа над вялікай пастаноўкай "Пікавая дама" ў рэжысуры Ігара Казакова. Фантазію паводле матываў аднайменнай аповесці А.С. Пушкіна рыхтуюць для наступнага тэатральнага сезона. Цяпер ствараюцца рэквізіт, касцюмы і дэкарацыі.

"У бліжэйшы час можна будзе паглядзець тэлеверсіі спектакляў абласных магілёўскіх тэатраў - лялечнага і драматычнага, - нагадала Вольга Семчанка. - Іх трансляцыі пройдуць з 4 па 26 красавіка на тэлеканале "Беларусь 4 "Магілёў", а таксама на сайце і ў групе тэлеканала ў сацсетках".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі