Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 жніўня 2019, 09:11

Магія Беларусі ў метро Ерэвана - БЕЛТА ўдзельнічае ў армянскім міжнародным фотафестывалі

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фатаграфіі інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА прадстаўлены на І Армянскім міжнародным фотафестывалі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У фестывалі ўдзельнічаюць фатографы з 20 краін. У іх ліку - Беларусь, Данія, Італія, ААЭ, Расія, ЗША, Францыя, Швейцарыя, Японія. Работы дэманструюцца ў 39 павільёнах: ад аэрапорта Звартноц да рэзідэнцыі прэзідэнта, у Музеі Аванеса Туманяна, на дзвюх станцыях Ерэванскага метрапалітэна і ў шэрагу іншых месцаў. У прыватнасці, фатаграфіі БЕЛТА выстаўлены на станцыі метро "Маршал Баграмян".

Паводле слоў генеральнага дырэктара агенцтва БЕЛТА Ірыны Акуловіч, дзякуючы гэтай выстаўцы можна больш даведацца пра Беларусь. "Сімвалічна, што фатаграфіі агенцтва прадстаўлены на станцыі метрапалітэна "Маршал Баграмян", таму што ў Беларусі гэта імя ведаюць. Гэта чалавек, які шмат зрабіў для вызвалення нашай краіны. Мы з'яўляемся часткай міжнароднай фотавыстаўкі, асноўная ідэя якой - быць унікальнымі. З дапамогай фатаграфій мы хацелі паказаць тое, што беларусы ўмеюць захоўваць свае асобыя традыцыі і абрады", - расказала Ірына Акуловіч.

Частка з 20 прадстаўленых фатаграфій - работы фотакарэспандэнта БЕЛТА Аксаны Манчук. "Гэта першая міжнародная выстаўка, на якой выстаўлены мае фатаграфіі. Мне вельмі прыемна, што яна праводзіцца ў Ерэване, таму што БЕЛТА і інфармацыйнае агенцтва Арменіі АРМЕНПРЭС маюць цесныя сувязі. Прыемна таксама і тое, што фатаграфіі дэманструюцца на станцыі метро, ​​такім чынам яны становяцца даступнымі для больш шырокіх мас. Людзі на працягу пяці хвілін чакання свайго поезда могуць паглядзець фатаграфіі і азнаёміцца ​​з культурай нашай краіны", - адзначыла Аксана Манчук.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян лічыць важным правядзенне такіх мерапрыемстваў. "Яны накіраваны на тое, каб падкрэсліць гістарычную сувязь з традыцыямі, этнічна-культурнымі асновамі, уласцівымі кожнаму народу. У гэтым выпадку выстаўка беларускіх фатаграфій у Арменіі дае магчымасць людзям, якія ўпершыню знаёмяцца з Беларуссю, адчуць рознабаковасць беларускай культуры, а таксама як шмат агульнага ў гісторыі і культуры нашых двух народаў", - падкрэсліў пасол.

Паводле слоў Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Беларусі ў Арменіі Ігара Назарука, важнае значэнне выстаўкі ў тым, што гэта чарговая магчымасць прадставіць асаблівасці беларускай культуры, нацыянальных традыцый. "Гэта не адзіны культурны праект паміж нашымі краінамі, яны перыядычна праводзяцца і працяглыя", - сказаў дыпламат.

Дырэктар дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва АРМЕНПРЭС Арам Ананян дадаў, што рады садзейнічаць станаўленню фестывалю ў якасці інфармацыйнага партнёра, і нагадаў, што месяц таму ў Мінску адбылася фотавыстаўка АРМЕНПРЭС. "У рамках I Армянскай міжнароднай фотавыстаўкі асобныя рэтраспектыўныя экспазіцыі, прысвечаныя 150-годдзю Аванеса Туманяна і Камітаса, прадставіць і АРМЕНПРЭС. Яны створаць выключную магчымасць прадставіць унікальныя ўзоры багатага фотаархіва агенцтва. Мы рады, што ўнеслі пэўны ўклад у арганізацыю мерапрыемства, а таксама таму, што інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА прадстаўляе ў Ерэване свае фотаработы", - сказаў Арам Ананян.

I Армянскі міжнародны фотафестываль праводзіцца пад эгідай мэрыі Ерэвана і прадоўжыцца да 24 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі