Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 снежня 2015, 16:22

"Мадонны" вядомага беларускага мастака Аляксея Кузьміча праедуць па гарадах Эстоніі

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Мадонны" вядомага беларускага мастака Аляксея Кузьміча праедуць па гарадах Эстоніі. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў куратар выстаўкі "Храм Мадонны" сын мастака Аляксей Кузьміч-малодшы.

Сёння выстаўка з 40 твораў майстра экспануецца ў Цэнтры рускай культуры ў Таліне. Экспазіцыя будзе працаваць да 14 студзеня наступнага года, потым плануецца яе паказ у іншых гарадах Эстоніі і краін Балтыі.

Выставачны праект Аляксея Кузьміча "Храм Мадонны" знаёміць гледача з тэмай Мадонны і мацярынства ў беларускім выяўленчым мастацтве на рубяжы канца ХХ - пачатку ХХI стагоддзяў у кантэксце творчасці майстра. Мэта праекта - адраджэнне духоўнага пачатку і класічных традыцый у сучасным мастацтве.

Экспазіцыя карцін Аляксея Кузьміча ўключае цыклы работ і асобныя творы жывапісу на тэму Мадонны, жанчыны, маці. Дадаткова да галоўнай часткі выстаўкі таксама прадстаўлены работы гістарычнага жанру, жывапісу рэлігійнай тэматыкі і ню, а таксама традыцыйныя партрэты, пейзажы і нацюрморты.

У сваіх палотнах Аляксей Кузьміч раскрыў вобраз Мадонны ХХ-ХХI стагоддзяў. Яго палотны з Мадоннамі ведаюць далёка за межамі Беларусі, а яго самога невыпадкова называюць беларускім Рафаэлем. Ён раскрываў свеце чароўны вобраз жанчыны-беларускі, жанчыны-славянкі і праз яе расказваў пра сваю родную Беларусь. Імя мастака занесена ў кнігу рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі як майстра, які стварыў самую вялікую калекцыю палотнаў з вобразам Мадонны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі