Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 студзеня 2021, 19:10

Луцкі: юбілей павінен надаць выдавецтву "Беларусь" імпульс для яшчэ большага ўкладу ў развіццё краіны

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стагадовы юбілей павінен надаць выдавецтву "Беларусь" імпульс для яшчэ большага ўкладу ў развіццё краіны. Такое меркаванне выказаў сёння міністр інфармацыі Ігар Луцкі на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным гэтай знамянальнай даце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Чым больш выдавецтвы разам з аўтарамі будуць працаваць над удасканаленнем, чым часцей яны будуць звяртацца да сучаснага жыцця, тым цікавейшымі будуць кнігі для чытача. Не трэба застываць на месцы. Гэты прыгожы юбілей павінен надаць імпульс, каб унесці яшчэ большы ўклад у развіццё краіны, - падкрэсліў Ігар Луцкі. - Прыходзяць новыя віды інфармацыйных прадуктаў, і кніга крыху адыходзіць на задні план. Але, як сказаў Прэзідэнт, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, выдавецкая справа ні ў якім разе не павінны знікнуць з нашага поля зроку. Цяпер мы асабліва павінны ўдзяліць увагу менавіта такім відам інфармацыйнай работы".

За значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, плённую працу на ніве беларускага кнігавыдання і ў сувязі са стагоддзем з дня заснавання выдавецтва "Беларусь" міністр інфармацыі аб'явіў падзяку калектыву прадпрыемства, а таксама ўручыў ганаровыя граматы спецыялістам сферы за высокае прафесійнае майстэрства.

Дырэктар выдавецтва Сяргей Пешын выказаў удзячнасць за цёплыя віншаванні. "Для нас вельмі сімвалічны той факт, што стагоддзе супала з аб'яўленнем Года народнага адзінства. Гэта менавіта тая мэта, дзеля якой стваралася выдавецтва. Мы стараемся быць дастойнымі гэтай задачы, імкнёмся паказваць нашу Беларусь ва ўсёй велічы яе гісторыі і разнастайнасці яе самабытнай культуры", - звярнуў ён увагу.

Сярод гасцей, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, - намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька і яго намеснік Лілія Ананіч, гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, супрацоўнікі выдавецтва, прадстаўнікі ўстаноў культуры.

Выдавецтва "Беларусь" заснавана 18 студзеня 1921 года і з'яўляецца старэйшым у рэспубліцы. Асноўныя тэматычныя напрамкі - культура, мастацтва, гісторыя, прырода, этнаграфія, краязнаўства, музыка. Тут публікуюцца фотаальбомы, ілюстраваныя навукова-папулярныя, вучэбныя і літаратурна-мастацкія выданні. Кнігі вызначаюцца сучасным дызайнам, цікавай вёрсткай, змястоўнымі тэкстамі, якаснымі ілюстрацыямі, высокамастацкім афармленнем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі