Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 лютага 2022, 09:21

"Лютаўскія музычныя вечары" з аншлагам адкрыліся ў Пінску

10 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У канцэртнай зале Пінска з аншлагам адкрыўся 28-ы фестываль "Лютаўскія музычныя вечары", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гарадскім Доме культуры.

Традыцыйна апошні месяц зімы ў горадзе над Пінай праходзіць пад акампанемент класічнай музыкі. У праграме заяўлена чатыры канцэрты. Фестываль адкрыўся "Музычнай гасцёўняй" Белдзяржфілармоніі. На гэты раз праект Таццяны Старчанка (фартэпіяна) быў прысвечаны 100-годдзю Астара П'яцолы - самага выконваемага кампазітара ХХІ стагоддзя. Разам з мастацкім кіраўніком гасцёўні ў канцэрце прынялі ўдзел Яўген Віданаў (флейта), Станіслаў Петчанка (віяланчэль) і Дзяніс Чорны (баян).

Сёння публіку чакае канцэрт фартэпіяннай музыкі. У выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандра Музыкантава прагучаць шэдэўры сусветнай класікі. Варта адзначыць, што піяніст-віртуоз ужо не першы раз удзельнічае ў "Лютаўскіх музычных вечарах".

Прадоўжыць фестываль 19 лютага вечар старажытнага гарадскога рускага раманса. Перад слухачамі выступіць салістка Белдзяржфілармоніі лаўрэат міжнародных конкурсаў Галіна Сакольнік (мецца-сапрана), у якасці акампаніятара - віртуозная піяністка Таццяна Лясун. На вечары прагучаць не толькі рамансы, але і паэзія.

Завершыць цыкл творчых сустрэч 24 лютага гарадскі камерны аркестр пад кіраўніцтвам Аксаны Макарэвіч. Па традыцыі калектыў падрыхтаваў да чарговага фестывалю новую канцэртную праграму.

Усе гэтыя дні ўзвышаную атмасферу канцэртнай залы будзе дапаўняць выстава жывапісу пінскага мастака-афарміцеля Віктара Сагановіча. Майстар працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу, пастэлі і графікі. На суд землякоў ён прадставіў больш за два дзясяткі работ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі