Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 лютага 2021, 10:46

"Лютаўскія музычныя вечары" пачынаюцца ў Пінску

11 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У гарадской канцэртнай зале Пінска з 11 па 25 лютага пройдзе традыцыйны фестываль "Лютаўскія музычныя вечары", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры гарвыканкама Сяргей Матузка.

Мерапрыемства, якое стала культурным брэндам горада, пройдзе 27-ы раз. У праграме заяўлены чатыры канцэрты. Фестываль адкрые канцэрт арганнай музыкі - неад'емнай часткі "Лютаўскіх музычных вечароў". Салістка гарадскога камернага аркестра Вікторыя Куцько выканае творы нямецкіх і французскіх кампазітараў розных эпох.

Другі вечар, які пройдзе 17 лютага, прысвечаны фартэпіяннай музыцы. Знатакоў высокага мастацтва чакае выступленне піяніста-віртуоза саліста Белдзяржфілармоніі Аляксандра Музыкантава. У выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў прагучаць шэдэўры сусветнай класікі.

Наступным у праграме 22 лютага ідзе канцэрт вакальнай музыкі. Салістка Белдзяржфілармоніі лаўрэат міжнародных конкурсаў Нэлі Душчынская (сапрана) і акампаніятар Таццяна Вішнякова падораць слухачам вечар рускага раманса.

Завершыць цыкл творчых сустрэч 25 лютага выступленне гарадскога камернага аркестра пад кіраўніцтвам Аксаны Макарэвіч. Спецыяльна да фестывалю калектыў аднавіў канцэртную праграму. Выступленне аркестра будуць суправаджаць салісты Ганна Рыжко і Віталь Ракала, а таксама выканаўцы на аргане, фартэпіяна, акардэоне і домры.

"Стараліся сфарміраваць праграму такім чынам, каб яна была цікавай слухачам рознага ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі. Мы вырашылі, што хоць і не ў такім шырокім фармаце, як да пандэміі, але фестываль павінен адбыцца: людзям трэба дарыць сустрэчы з прыгожым. Летам мы плануем рэалізаваць праект "Сем вечароў над Пінай". На працягу месяца ў розных частках горада будуць арганізаваны канцэрты на адкрытых пляцоўках, на якіх будзе прадстаўлена як класічная музыка, так і сучаснае эстраднае мастацтва", - дапоўніў Сяргей Матузка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі