Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 снежня 2022, 10:11

Любімыя навагоднія кінашэдэўры ўбачаць жыхары Віцебска пад адкрытым небам

30 снежня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. У пераднавагоднія дні, 30 і 31 снежня, у Віцебску на сцяне гарадской ратушы будуць дэманстраваць вядомыя і любімыя ўсімі навагоднія фільмы савецкай эпохі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская.

Установа культуры праводзіць кінасеансы пад адкрытым небам не першы раз. Паўтарыць гэта і стварыць у абласным цэнтры навагоднюю атмасферу прапанаваў старшыня гарвыканкама Мікалай Арлоў. Для вячэрніх паказаў, якія стартуюць у 17.00, выбралі любімыя і знаёмыя ўсім навагоднія фільмы. "Карнавальную ноч" пакажуць сёння, а "Іронія лёсу" збярэ гледачоў у перадсвяточную суботу. Перад праглядам мастацкіх фільмаў для маленькіх віцябчан арганізуюць мультпарад самых вядомых анімацыйных твораў.

"Мы звязалі кінапаказы з пачаткам работы выставы, якая прысвечана векавому юбілею з дня заснавання СССР і якая адкрыецца сёння ў нашым музеі. Паводле прагнозу, вялікага марозу ў гэтыя дні не прадбачыцца, таму мы вырашылі зрабіць своеасаблівы кінатэатр пад адкрытым небам. Сцяна будынка, якая выходзіць ва ўнутраны дворык, глухая, і на ёй можна, як на экране, праецыраваць выяву", - падзялілася Таццяна Старынская.

Яна адзначыла, што гледачоў будуць частаваць так званым здраўнёўскім чаем на травах, завараным у самавары, які грэецца на шчэпках. У музеі-сядзібе Ільі Рэпіна "Здраўнёва" такое чаяпіцце праводзілі ўжо, і, як паказала практыка, духмяны збор быў наведвальнікам установы культуры больш да спадобы, чым пакетаваны магазінны. Віцябчан і гасцей горада запрашаюць на кінасеансы, каб тыя атрымалі зарад святочнага настрою і акунуліся амаль у сямейную атмасферу яднання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі