Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 кастрычніка 2019, 14:21

"Лявоніха" з трашчоткамі і бліскучая вышыванка: чым здзівяць беларускі на конкурсах прыгажосці

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тытулаваныя прыгажуні, удзельніцы "Міс Беларусь-2018" рыхтуюцца прадставіць нашу краіну на міжнародных конкурсах "Міс сусвету-2019", "Міс інтэрнэшнл-2019", "Міс супранэшнл-2019". У Нацыянальнай школе прыгажосці 18 кастрычніка дзяўчаты прэзентавалі ўборы, у якіх будуць выходзіць на подыум у час спаборніцтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Студэнтка Інстытута бізнесу БДУ, другая віцэ-міс Беларусь-2018 Настасся Лаўрынчук даведалася пра свой удзел у конкурсе "Міс сусвету-2019" амаль год таму. Вясной пачала браць урокі англійскай мовы, дэфіле, а ў верасні стартаваў штодзённы інтэнсіў - урокі прыгажосці і стылю з самай раніцы і ледзь не да позняй ночы. Паводле слоў Настассі Лаўрынчук, адзін з самых цікавых этапаў падрыхтоўкі - танцавальныя рэпетыцыі. "Прыадкрыю заслону тайны: буду выконваць "Лявоніху" з трашчоткамі, а на конкурс талентаў рыхтуем танец з шаблямі", - падзялілася дзяўчына. Пры гэтым вялікая ўвага ўдзяляецца народнаму строю. За аснову колеравай гамы ўзялі чырвоны, які адпавядае беларускай сімволіцы, спадніцу і блузу вышылі кветкамі на манер строяў жыхароў Палесся. "Хацелі адысці ад стэрэатыпа вышыванкі, характэрнай для традыцыйнага адзення Міншчыны і Віцебшчыны", - растлумачылі дызайнеры. Да строю дадалі шмат страз і бляску, каб зрабіць яркім і запамінальным. Вобраз завершыць незвычайны галаўны ўбор у выглядзе вянка з кветкамі і штучнымі кропелькамі расы.

Здзіўляць уборамі беларускія прыгажуні будуць не толькі на подыуме. Дзяўчаты павінны выглядаць надзвычайна і ў час снеданняў, сустрэч і прагулак. Настасся Лаўрынчук ужо збілася з ліку, колькі ж сукенак павязе з сабой на конкурс. Пакуль намечана каля 35, але гэта далёка не канчатковая лічба.

Канкурсантка прызнаецца: сваіх саперніц ведае ў твар, сочыць за імі ў Instagram. "Падрыхтоўка вельмі моцная. Дзяўчаты адчуваюць, што калі ўкласці душу, можна дасягнуць жаданага выніку. Таму няма часу для адпачынку. У такім тэмпе пакуль стрэс не адчуваецца, здаецца, пачну хвалявацца, калі буду стаяць ужо ў аэрапорце і разумець, што далей лячу сама, нікога няма побач з беларускага боку - ні візажыста, ні памочніка, ні асістэнта", - гаворыць Настасся Лаўрынчук.

"Арганізатары заяўляюць, што Міс сусвету - гэта больш не каралева прыгажосці, а вястунка дабра. Вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца дабрачынным праектам. Суддзі звяртаюць увагу на тое, якімі важнымі для грамадства справамі займалася дзяўчына, якая ў яе мэта ў жыцці", - звяртае ўвагу канкурсантка. Пра дабрачыннасць яна ведае не па чутках. Каля 2,5 года таму яе бацькі ўдачарылі дзяўчынку, дапамога дзецям у інтэрнатах стала сямейнай справай. Ідэю падтрымкі сем'яў усынавіцеляў канкурсантка паклала ў аснову свайго сацыяльнага праекта, які будзе прадстаўлены на спаборніцтве. "На ўласным прыкладзе пераканалася, што ў такіх сем'яў бываюць праблемы. Мая ініцыятыва накіравана на падтрымку і дзяцей, і іх прыёмных бацькоў", - гаворыць Настасся Лаўрынчук.

Дзяўчына не мае намеру звязваць будучыню з індустрыяй прыгажосці. Лічыць, што такі від дзейнасці вельмі кароткатэрміновы. Яна плануе атрымаць другую вышэйшую адукацыі ў псіхалогіі. "Свой праект у падтрымку дзяцей-сірот не збіраюся закідваць пасля конкурсу. Гэта тое, што хочацца развіваць далей", - прызнаецца Настасся Лаўрынчук.

18 кастрычніка стала вядома імя дзяўчыны, якая прадставіць Беларусь на конкурсе "Міс супранэшнл-2019" у снежні ў Крыніца-Здруй. Змагацца за тытул будзе "Міс фота" конкурсу "Міс Беларусь-2018" Караліна Барысевіч. "Міс супранэшнл-2019" - гэта галоўным чынам спаборніцтва фотамадэлей, дзе трэба ўмець пазіраваць перад камерай. Караліна Барысевіч з 14 гадоў працуе мадэллю, цяпер яна яшчэ і юрыст у будаўнічай кампаніі, вучыцца ў магістратуры.

Падрыхтоўку да конкурсу яна пачала нядаўна, але паспела ўжо распрацаваць сумесна з мамай нацыянальны строй, у якім выйдзе на подыум. Любімае захапленне дзяўчыны - стварэнне дызайнерскіх убораў: у яе гардэробе часта можна ўбачыць рэчы, пашытыя па ўласных эскізах. Караліна Барысевіч любіць вывучаць замежныя мовы, падарожнічаць. Лічыць, што яе вызначаюць пастаянны пазітыў і ўменне ставіцца да ўсяго лёгка. "Амаль усё маё жыццё непарыўна звязана з б'юці-індустрыяй, думаю, гэта прадоўжыцца яшчэ шмат гадоў. Што датычыцца конкурсу, усе хочуць выступіць дастойна, атрымаць тытул, паколькі кожная ўдзельніца - гэта ўвасабленне сваёй краіны. Таму еду прадстаўляць не сябе, а ў першую чаргу Беларусь. Настроена на поспех", - рэзюмуе дзяўчына.

Змагацца за перамогу ў конкурсе "Міс інтэрнэшнл-2019" у Токіа будзе Марыя Первій - уладальніца тытула "Міс глядацкіх сімпатый" на конкурсе "Міс Беларусь-2018". Дзяўчына разам з дызайнерамі падрыхтавала ўборы, бярэ ўрокі па стылі, дэфіле. Прэзентаваць свае ўборы ў час паказу яна не змагла па стане здароўя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі