Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 верасня 2022, 16:09

Літаратурныя партрэты і нарысы Уладзіміра Калесніка прадстаўлены на выстаўцы ў НББ

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Багатая літаратурная спадчына беларускага крытыка, літаратуразнаўца, празаіка Уладзіміра Калесніка прадстаўлена на выстаўцы "Бліскучае сонца Прынёмання" ў Нацыянальнай бібліятэцы, паведамілі ва ўстанове.

"Экспазіцыя прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Наведвальнікаў зацікавяць кнігі літаратурных партрэтаў і нарысаў "Лёсам пазнанае", "Тварэнне легенды", "Усё чалавечае", дакументальная аповесць "Пасланец Праметэя", крытычныя работы "Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура", "Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі", "Янка Брыль: нарыс жыцця і творчасці" і іншыя. У Год гістарычнай памяці чытачоў не пакіне абыякавымі дакументальная кніга "Я з вогненнай вёскі..." (сумесна з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём) і аўтабіяграфія пісьменніка "Доўг памяці", - расказалі ў бібліятэцы.

Дапаўняе выстаўку літаратура аб жыццёвым і творчым шляху Уладзіміра Калесніка. "Пісьменнік быў цікавай асобай, заўсёды знаходзіўся ў эпіцэнтры літаратурных працэсаў. Даследаваў заходнебеларускую літаратуру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у беларускай літаратуры 1920-х гадоў. Кола творчых інтарэсаў даследчыка ўключала таксама старажытную літаратуру, фальклор, сучасную паэзію і прозу, - адзначылі ва ўстанове. - Работы Уладзіміра Калесніка вызначаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб'ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем ствараць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літаратурных дзеячаў".

Выстаўка "Бліскучае сонца Прынёмання" праходзіць у зале беларускай літаратуры. Работа экспазіцыі прадоўжыцца па 30 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі