Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 кастрычніка 2022, 12:21

Літаратурную спадчыну Івана Пташнікава прадставілі на выставе ў НББ

4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літаратурную спадчыну Івана Пташнікава прадставілі на выставе "Жывая стыхія творчасці" ў Нацыянальнай бібліятэцы, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

"Экспазіцыя прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Івана Мікалаевіча Пташнікава. На паліцах прадстаўлена першая кніга пісьменніка "Зерне падае не на камень", якая выйшла ў 1959 годзе, зборнікі яго твораў і кнігі выбраных твораў, выдадзеныя ў розныя часы. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з апавяданнем Івана Пташнікава "Львы" - першым у беларускай прозе творам аб чарнобыльскай трагедыі", - расказалі ў бібліятэцы.

Асобны раздзел выставы прысвечаны перакладам твораў пісьменніка на рускую, украінскую, польскую, англійскую, балгарскую і іншыя мовы свету. "Апошняя частка экспазіцыі знаёміць з публікацыямі, якія змяшчаюцца ў энцыклапедычных выданнях, кнігамі і артыкуламі пра жыццё і творчасць Івана Пташнікава", - дапоўнілі ва ўстанове.

Іван Пташнікаў - адзін з найбольш цікавых і самабытных празаікаў беларускай літаратуры, таленавіты і яркі прадстаўнік свайго пакалення, пакалення дзяцей вайны. "Чароўны свет прыроды, жыццё людзей, іх праца, побыт, узаемаадносіны, іх барацьба за незалежнасць і аднаўленне роднага краю, іх мужнасць і шчодрасць душы - усё гэта фарміравала духоўны свет пісьменніка, яго творчую натуру. Раманы, аповесці і апавяданні Івана Пташнікава набылі шырокую вядомасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі", - адзначылі ў бібліятэцы.

Сярод сучасных беларускіх празаікаў Іван Пташнікаў вылучаецца адданасцю вясковай тэме. "Лёс вясковага чалавека на розных жыццёвых дарогах, яго характар, грамадзянская і сацыяльная значнасць застаюцца ў цэнтры ўвагі пісьменніка. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з літаратурнай спадчынай аўтара, прысвечанай гэтай тэме: раманамі "Чакай у далёкіх Грынях", "Мсціжы", "Алімпіяда", - праінфармавалі ва ўстанове.

Важнае месца ў творчасці пісьменніка належыць і вайне. "Жахі і боль ваеннага ліхалецця назаўсёды ўвайшлі ў яго памяць. Менавіта таму вайна, час аднаўлення роднага краю глыбока і праўдзіва, абвострана і трагічна, эмацыянальна і напружана раскрываюцца ў аповесцях Івана Пташнікава "Лонва", "Тартак", "Найдорф", апавяданнях "Алёшка", "Алені", "Бежанка", - дадалі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Работа выставы "Жывая стыхія творчасці" прадоўжыцца па 3 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі