Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 кастрычніка 2022, 09:45

Літаратары Брэсцкай вобласці збяруцца на фестывалі "Берасцейскае шматгалоссе" ў Жабінцы

26 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Жабінцы 27 кастрычніка пройдзе абласны літаратурны фестываль "Берасцейскае шматгалоссе", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.

Такі фестываль арганізуюць упершыню. "Мы праводзім даволі шмат розных мерапрыемстваў. Пры гэтым не хапала маштабнага літаратурнага фестывалю, каб быць бліжэй да чытачоў і ўзнімаць актуальныя для грамадства тэмы. Першы вырашылі правесці ў Жабінкаўскім раёне. Гэты самабытны край багаты на таленты", - адзначыла Таццяна Дземідовіч.

Фестываль аб'яднае паэтаў і празаікаў, дзіцячых пісьменнікаў з Брэста, Жабінкі, Кобрына, Пружан, Івацэвіч, Іванава і Баранавіч. Галоўнай тэмай форуму стане захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Літаратары наведаюць памятныя мясціны ў Жабінкаўскім раёне. Пабываюць у мемарыяльным комплексе на месцы спаленай вёскі Драмлёва, убачаць экспазіцыю аб генацыдзе беларускага народа ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Таксама яны ўшануюць памяць ахвяр фашызму ў Жабінцы. "27 кастрычніка - трагічная дата ў гісторыі нашага раёна. У гэты дзень у 1942 годзе нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі мірных жыхароў Жабінкі і навакольных вёсак. Нават праз 80 гадоў гэтыя падзеі болем адгукаюцца ў сэрцах людзей", - падкрэсліў старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Вадзім Краўчук.

Пісьменнікі пабываюць у гасцях у жабінкаўскіх школьнікаў, пагутараць з імі і раскажуць аб сваёй творчасці. Таксама ў час фестывалю ўзнагародзяць пераможцаў абласнога конкурсу "Слёзы сясцёр Хатыні". Аўтарам прапаноўвалася напісаць вершы аб лёсах спаленых вёсак Брэсцкай вобласці. Свае работы прыслалі амаль 100 чалавек. Журы вызначыла шэсць пераможцаў у дзвюх намінацыях - сярод паэтаў-аматараў і ўжо вопытных літаратараў.

Літаратурны фестываль плануюць зрабіць традыцыйным і праводзіць у розных кутках паўднёва-заходняга рэгіёна. Яго арганізатарам выступае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі