Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лістапада 2017, 19:51

"Лістапад" адкрывае невядомае кіно - старшыня журы

9 лістапада, Мінск /Жанна Катлярова - БЕЛТА/. Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" адкрывае невядомае кіно. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшыня журы асноўнага конкурсу венгерскі рэжысёр і сцэнарыст Бенедэк Флігаўф.

Перш за ўсё "Лістапад" спадабаўся рэжысёру падборкай карцін, у праграму ўвайшлі якасныя фільмы, у тым ліку не прадстаўленыя на экранах іншых форумаў. Беларускі фестываль прапануе для прагляду кіно краін Усходняй Еўропы, постсавецкай прасторы, і ў гэтым яго асаблівасць, гэтым ён цікавы прафесіяналам, крытыкам.

Бенедэк Флігаўф аддаў належнае густу складальнікаў праграмы XXIV ММКФ, у першую чаргу дырэктара праграм ігравога кіно "Лістапада" Ігара Сукманава. "Ён добра разбіраецца ў кіно, у ім столькі энтузіязму і запалу ў адносінах да кіно. Звычайна мне не падабаецца,калі на фестывалях перад паказамі прадстаўляюць карціны. Але Ігара слухаць цікава, ён праводзіць яркія паралелі, яго расказы метафарычныя, і гэта яшчэ адзін асаблівы штрых "Лістапада", - адзначыў рэжысёр.

Ужо заўтра стане вядома рашэнне міжнароднага журы асноўнага конкурсу, якая з 12 карцін атрымае Гран-пры "Залаты "Лістапад". Паводле слоў субяседніка, чацвёрка суддзяў, са сваімі "за" і "супраць", прыходзіла да кансэнсусу без вялікіх спрэчак. Сам жа Бенедэк абапіраецца на эмацыянальны аспект пры выбары лепшай работы. "Больш за ўсё я звяртаю ўвагу, які фільм хвалюе асабіста мяне, закранае за жывое. У выніку рашэнне журы - гэта заўсёды асабістае ўспрыманне кожнага ўдзельніка судзейскай калегіі, а не нейкія аб'ектыўныя крытэрыі", - лічыць ён.

На рахунку Бенедэка Флігаўфа не адна ўзнагарода міжнародных конкурсаў. Карціна "Лілі Лейн" атрымала Гран-пры мінулагодняга "Лістапада" і была адзначана "Залатым аліўкавым дрэвам". Фільм "Млечны шлях" заваяваў "Залатога леапарда" ў горадзе Лакарна, "Проста вецер" стаў уладальнікам Гран-пры журы Берлінале.

Дарэчы, аб "Лілі Лейн" Бенедэк гаворыць як аб рабоце, дзе ён шмат пакутаваў, адчуваў сябе адзінокім у камандзе, якая не заўсёды разумела, што адбываецца, і моцна нервавалася. Даводзілася шмат імправізаваць, але ў выніку карціна атрымалася, хоць аўтар не лічыць яе нечым значным у сваёй творчасці. Любімым сваім фільмам венгерскі рэжысёр называе "Проста вецер".

Прыезд у Беларусь для Бенедэка Флігаўфа цікавы і таму, што старонка гісторыі нашай краіны знойдзе адбітак у яго наступным фільме - аб чарнобыльскай катастрофе. Ідэя зняць карціну нарадзілася ў рэжысёра пад уплывам "Чарнобыльскай малітвы" Святланы Алексіевіч. "Існуе вельмі шмат дакументальных фільмаў пра Чарнобыль, чарнобыльскую катастрофу, але мала мастацкіх, якія паказвалі б, што адбывалася ў той час - не да катастрофы, не пасля яе, а менавіта ў час. Я хачу зняць фільм, які раскажа гісторыю пра тыя падзеі. Гэта будзе фільм, напоўнены пачуццямі, каб глядач зразумеў, як гэта было знаходзіцца ў той час у тым месцы", - падзяліўся задумай аўтар.

Перш чым пачаць працаваць, Бенедэк Флігаўф вывучыў шмат матэрыялаў, што датычацца чарнобыльскай тэматыкі. Ён не выключыў, што карціну ў будучым зможа паглядзець і беларускі глядач. "Калі фільм знойдзе месца ў праграме "Лістапада", я буду вельмі задаволены", - сказаў рэжысёр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі