Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

"Лiстапад-2018" аб'явіў першых пераможцаў

Культура 06.11.2018 | 14:24
Фота з архіва
Фота з архіва

6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Музеі беларускага кіно 5 лістапада міжнароднае журы кінематаграфістаў конкурсу нацыянальных кінашкол XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лiстапад" аб'явіла пераможцаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прыз "За лепшы фільм" прысуджаны карціне "Той жа боль" (рэжысёр Петэр Санд Магнусен, прадстаўнік польскай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі).

Фільму "Адчужэнне" (рэжысёр Бегім Жалдубай Кызы, прадстаўляе Кыргызска-Турэцкі ўніверсітэт "Манас") прысуджаны дыплом "За аператарскую работу і мужнасць". Работы мабільнай школы Docnomads атрымалі адразу два дыпломы: карціна "На ўсход" (рэжысёр Імэн Чжан) - "За дасціпны арыгінальны падыход" і стужка "Скачкі Бруна" (Мірна Эверхард) - "За тое, што гаворыце жыццю "Так", усведамляючы яе скарацечнасць".

"Маладыя людзі здымаюць кіно аб тым, што іх сапраўды непакоіць і цікавіць. Па форме, жанры ўсе стужкі вельмі разнастайныя, былі прадстаўлены і работы-назіранні, эксперыменты, што спалучаюць анімацыю і дакументалістыку, усё гэта вельмі цікава. У першую чаргу маладых рэжысёраў хвалююць яны самі і толькі некаторыя праблемы грамадскасці, на якія часта яны глядзяць з іроніяй", - расказала праграмны дырэктар дакументальнага кіно фестывалю Ірына Дзям'янава.

У гэтым годзе цікавасць да конкурсу была вельмі высокай, арганізатары атрымалі вялікую колькасць заявак на ўдзел. У праграму маладога дакументальнага кіно ўвайшлі 25 студэнцкіх работ з 12 еўрапейскіх кінашкол. Усе паказы прайшлі ў малой зале кінатэатра "Піянер" з 3 па 5 лістапада. Сеансы ўключалі ў сябе прэзентацыі школ, прагляд фільмаў і абмеркаванне іх з аўтарамі. Гледачы азнаёміліся са студэнцкімі работамі старэйшых еўрапейскіх кінашкол: факультэта кіно і тэлебачання Акадэміі музычных мастацтваў у Празе (FAMU), польскай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі, мабільнай кінашколы Docnomads. Акрамя таго, Мінск наведалі студэнты кінашкол з Масквы, Мадрыда, Кёльна, Ерэвана, Бруселя, Бішкека і Кіева.

Па традыцыі конкурс нацыянальных кінашкол адкрыла беларуская стужка - работа студэнткі майстэрні Сяргея Шульгі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алены Буяковай - "Адзін дзень з жыцця Алеся і Алесі". А апошнім фільмам конкурсу стала стужка расійскага рэжысёра Ксеніі Шкрэбы "Залом". Мэта конкурсу нацыянальных кінашкол - дапамагчы студэнтам і пачынаючым кінематаграфістам сарыентавацца ў міжнароднай прасторы дакументальнага кіно.

ХХV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад-2018" праходзіць у Мінску па 9 лістапада. Асноўнымі пляцоўкамі форуму ў гэтым годзе сталі кінатэатры "Цэнтральны", "Мір", "Піянер", "Масква", "Беларусь", Falcon Club Буцік Кіно і Музей гісторыі беларускага кіно.

Заснавальнікамі кінафестывалю выступаюць Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Першы этап перапісу насельніцтва Беларусі З 5 па 30 лістапада 2018 года для падрыхтоўкі да правядзення перапісу насельніцтва 2019 года праходзіць праверка адраснай гаспадаркі краіны.