Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 ліпеня 2020, 10:10

"Ліра" ў беларуса, Лаліта і Газманаў разварушылі публіку - у Віцебску завяршыўся "Славянскі базар"

20 ліпеня, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. У Віцебску адбыўся гала-канцэрт урачыстага закрыцця XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У час фінальнага мерапрыемства фестывалю прайшла другая частка XXIX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2020". Запаветную статуэтку "Ліра" атрымаў беларус Раман Волазнеў. Ён удастоены таксама спецыяльнай узнагароды імя Уладзіміра Мулявіна "За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства".

На закрыцці фестывалю традыцыйна ўручылі спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "Славянская надзея". За яркае выкананне песень славянскіх народаў ім адзначана канкурсантка з Украіны Эліна Івашчанка. У час гала-канцэрта ўручылі "Ліру" і ўладальніцы Гран-пры XVIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2020" беларусцы Ангеліне Ламака.

Пасля выступленняў усіх удзельнікаў дарослага конкурсу на сцэну выходзілі эстрадныя артысты. Бадай што, самымі бурнымі авацыямі публіка сустрэла Лаліту. Калі на першай яе песні, лірычнай і спакойнай, зала ціха слухала кампазіцыю, то пасля першых мелодый "На тытаніку" частка гледачоў падскочыла са сваіх месцаў і пачала танцаваць.

Актыўна Летні амфітэатр вітаў Сасо Паўліяшвілі, Таісію Павалій і Алега Газманава. Разам з Аляксандрам Саладухам на сцэну выйшаў кампазітар Эдуард Ханок, які ў гэтым годзе адзначыў 80-гадовы юбілей. Ён аўтар музыкі папулярных "Малиновка", "Я у бабушки живу", "Завіруха", "Лягу, прылягу". Гумарыстычная частка канцэрта была за дуэтам народных артыстаў Украіны: Уладзімір Данілец і Уладзімір Майсеенка паказалі мініяцюру на вечную тэму карупцыі чыноўнікаў. У гэты вечар на сцэну выходзілі таксама Дзіяна Гурцкая, Варвара, Аліна Артц, Аляксей Хлястоў, Саша Нэма, Томас Невергрын (Данія) і іншыя.

Чарговы "Славянскі базар" завяршыўся феерверкам над Летнім амфітэатрам. Гэтым летам фестываль прадоўжыўся чатыры дні замест першапачаткова планаваных дзевяці. Пакуль у дырэкцыі ёсць час падвесці вынікі, набрацца сіл і ідэй для наступнага форуму, якому споўніцца 30 гадоў. Да юбілейнага "Славянскага базару" чаканні будуць вышэй. Паглядзім, чым здзівяць арганізатары праз год.-0-

Фота Аляксандра Хітрова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі