
12 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава лінагравюр "Мелодыя роднага краю" выхаванцаў народнай выяўленстудыі В.П. Покаташкіна Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі адкрываецца сёння ў Гомелі ў музеі аўтографа цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў сетцы публічных бібліятэк горада.
Выстава стане часткай бібліятэчнага праекта "Гонар нацыі" да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
На выставе экспануецца звыш 20 работ у тэхніцы лінагравюры па матывах твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Аўтары ілюстрацый - выхаванцы выяўленстудыі. "Іх педагогі Алена Леўчанка і Вікторыя Афанасьева, выкарыстоўваючы інавацыйныя метады і прыёмы, прывіваюць неабыякавае стаўленне дзяцей да прыроды і гісторыі роднага краю", - адзначылі ў дзяржаўнай установе.
У бібліятэцы нагадалі: у 2022 годзе спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння літаратурных класікаў, першых народных беларускіх паэтаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. "Натхнёныя прыродай і навакольным светам, народныя паэты знаходзілі адметныя і непаўторныя фарбы для кожнага верша, а выхаванцы выяўленстудыі пастараліся паказаць гэта ў сваіх работах па матывах вялікіх твораў "На полі вясною", "О, край родны, край прыгожы!", "Усход сонца", "Адлёт жураўлёў" і інш.", - расказалі арганізатары выставы.
На вернісажы адбудзецца і трансляцыя анімацыйнага фільма па творах Якуба Коласа "Восень", створанага выхаванцамі Алены Леўчанка.
Выстава будзе працаваць да 9 чэрвеня. Уваход свабодны.-0-