Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лістапада 2022, 09:54

Лепшыя творы беларускай прыгодніцкай прозы прадставілі на выставе ў НББ

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніжная выстава "Аматарам прыгодніцкай літаратуры" праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт НББ.

Выстава азнаёміць наведвальнікаў з лепшымі творамі беларускай прыгодніцкай літаратуры. Экспануюцца раманы, аповесці і апавяданні, якія ўбачылі свет пачынаючы з 1920-х гадоў і да нашых дзён. Гэта і вострасюжэтныя творы, якія расказваюць пра даўно мінулыя падзеі і пра тыя, што сталі гісторыяй адносна нядаўна, напрыклад падзеі Вялікай Айчыннай вайны, творы пра касмічныя падарожжы і незнаёмыя цывілізацыі, раскрыццё складаных злачынстваў і таленавітых дэтэктываў.

Экспазіцыю адкрывае раздзел "Зараджэнне жанру ў нацыянальнай літаратуры". Тут прадстаўлены творы Янкі Маўра, якому па праву належыць званне першаадкрывальніка прыгодніцкага жанру ў Беларусі. У шэрагу прадстаўленых матэрыялаў ганаровае месца займае дзіцячы часопіс "Беларускі піянер", на старонках якога ў 1926 годзе была апублікавана першая прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра "Чалавек ідзе".

Цэнтральнае месца выставы адведзена папулярнай кніжнай серыі "Бібліятэка прыгод і фантастыкі", заснаванай выдавецтвам "Юнацтва" ў 1982 годзе. Серыю лёгка пазнаць па лагатыпу на карашку кнігі ў выглядзе стылізаваных літар "ПФ" (прыгоды, фантастыка), а таксама па спецыяльна аформленых вокладках.

Асаблівую ўвагу гасцей экспазіцыі заслугоўваюць першае выданне шырока вядомай аповесці Міхася Лынькова "Міколка-паравоз" (1937) пра жыццё і прыгоды хлопчыка Міколкі, сына чыгуначніка; раман Леаніда Дайнекі "След ваўкалака" з аўтографам аўтара, адрасаваным аддзелу беларускай літаратуры Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І.Леніна ў 1988 годзе; гістарычны раман Алеся Наварыча "Літоўскі воўк" (2005), за які аўтар атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У раздзеле "Прыгодніцкія гісторыі" экспануюцца творы беларускіх аўтараў ХХ - пачатку XXI стагоддзя. Сярод прадстаўленых выданняў - шырока вядомыя творы Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" (1958) і "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", трылогія Івана Сяркова "Мы з Санькам…" (1968-1989), якая атрымала ўзнагароды Усесаюзнага і Беларускага рэспубліканскага конкурсаў дзіцячай кнігі, выданні Леаніда Дайнекі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1989).

Выстаўка адрасавана ўсім аматарам прыгодніцкай літаратуры, але ў першую чаргу звернута да падрастаючага пакалення, паколькі героі большасці прадстаўленых кніг - падлеткі. Экспазіцыя працуе да 31 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі