Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 красавіка 2022, 12:25

Лепшых выканаўцаў беларускіх народных танцаў выбралі на конкурсе "Ветразь-2022"

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшоў VI адкрыты конкурс беларускіх народных танцаў "Ветразь-2022", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Ветразь" Валянціна Румава адзначыла, што конкурс збірае таленавітых удзельнікаў, якія цікавяцца беларускай танцавальнай культурай. "Мне вельмі прыемна, што пачуццё патрыятызму, аб якім мы сёння шмат гаворым, фарміруецца і тут, на нашым конкурсе", - адзначыла Валянціна Румава.

Паводле слоў старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, конкурс народных танцаў заняў значнае месца ў культурнай прасторы краіны. "Вы сваім прыкладам агітуеце іншых звярнуцца з інтарэсам і любоўю да традыцый, народнай культуры. Гэта важна для таго, каб мы з вамі адчувалі, што маем унікальную нацыянальную культуру. Гэтым мы цікавыя і самі сабе, і іншым народам", - звярнуўся старшыня да ўдзельнікаў.

Конкурс "Ветразь" стаў важным складнікам шматгадовага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня". Аўтар ідэі гэтага фестывалю і праекта "Ветразь" этнахарэолаг Мікалай Козенка адзначыў: вельмі важна, каб канкурсанты захоўвалі мясцовы стыль выканання, характар, манеру. Значэнне маюць і тэхніка, танцавальны этыкет. "Традыцыйная культура - гэта сродак выхавання і ўзвышэння асобы. Танцуючы, хлопчыкі праяўляюць павагу да дзяўчынак, а затым і да будучых жонак. Гэта вельмі важна", - дадаў Мікалай Козенка.

Конкурсная праграма для танцавальных пар прадугледжвала выкананне рэгіянальных варыянтаў беларускіх народных парных танцаў: "Лявоніха", "Полька імправізаваная", "Мікіта" і інш. Пары ўдзельнічалі ў наступных узроставых групах: ад 9 да 11 гадоў, ад 12 да 14, ад 15 да 17 і ад 18 да 31 года. Конкурс сольнай харэаграфічнай імправізацыі праходзіў у трох намінацыях: "Яблычка", "Заяц" і "Жабка". Удзельнічала 13 калектываў з некалькіх раёнаў Беларусі.

Па выніках конкурсу першых месцаў у чатырох узроставых групах удастоены танцавальныя пары Красненскай ДШМ Гомельскага раёна, фальклорнага ансамбля "Явар" сярэдняй школы нумар 159 Мінска і народнага ансамбля беларускай песні і музыкі "Сузор'е" ДШМ Асіповіцкага раёна.

У конкурсе сольнай імправізацыі пераможцамі сталі ўдзельніцы і ўдзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнай фальклорнай групы "Берагіня", фальклорнага ансамбля "Явар" і фальклорнай групы "Сунічкі" сярэдняй школы нумар 159 Мінска, узорнага фальклорнага калектыву "Спадчына" Матырынскага сельскага дома культуры і народнага ансамбля беларускай песні і музыкі "Сузор'е" ДШМ Асіповіцкага раёна.

VI адкрыты конкурс беларускіх народных танцаў "Ветразь-2022" арганізаваны ўпраўленнем па адукацыі Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Ветразь" і Беларускім фондам культуры. Праводзіцца ў мэтах патрыятычнага і мастацкага выхавання дзяцей і моладзі, вывучэння і трансляцыі рэгіянальных харэаграфічных традыцый, папулярызацыі традыцыйных форм правядзення вольнага часу прадрастаючага пакалення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі