
20 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Фінал ХVI штогадовага гарадскога конкурсу "Лепшы чытач дзіцячых кніг" пройдзе ў Гомелі 21 красавіка ў цэнтральнай бібліятэцы імя А.І. Герцэна, паведамілі карэспандэнту ў сетцы публічных бібліятэк абласнога цэнтра.
За званне лепшага чытача горада над Сожам пазмагаюцца пераможцы першага этапу конкурсу, які прайшоў у бібліятэках сеткі ў дні вясенніх канікулаў.
Дзецям трэба будзе прадэманстраваць сваю эрудыцыю, начытанасць і артыстычнасць у трох літаратурных конкурсах. Школьнікі адкажуць на пытанні па кнігах, падзеляцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным у відэароліках, параяць, на якія дзіцячыя творы трэба звярнуць увагу дарослым.
Ацэньваць удзельнікаў фіналу будзе кампетэнтнае журы.
"Вядома ж, на літаратурным свяце ў цэнтры ўвагі будзе кніга. Дзеці сустрэнуцца з любімымі літаратурнымі героямі і азнаёмяцца з яркімі, маляўнічымі выданнямі, прадстаўленымі на выставах-праглядах. Не абыдзецца і без сюрпрызаў, вясёлых прыгод, тэатралізаванага касмічнага паказу, музычных і салодкіх падарункаў", - дадалі ў сетцы публічных бібліятэк.
Канкурсантаў чакаюць дыпломы і падарункі, спецыяльныя прызы.
Конкурс прымеркаваны да Сусветнага дня кніг і аўтарскага права. У ліку сузаснавальнікаў інтэлектуальнага спаборніцтва - Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання "Беларускі дзіцячы фонд", абласное аддзяленне ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і інш.-0-