Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 чэрвеня 2022, 14:45

"Легенды старой ратушы", паэтычнае прысвячэнне гораду, "Бухта дракона": Віцебск адзначыць 1048-годдзе

23 чэрвеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Віцебск 24-26 чэрвеня будзе адзначаць 1048-годдзе, на якое запрашае гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Арганізатары расказалі карэспандэнту БЕЛТА, у якім рытме будзе жыць святочны горад і дзе варта пабываць.

Адкрыюцца святочныя мерапрыемствы пятнічным урачыстым канцэртам у Летнім амфітэатры. У 18.00 на галоўнай адкрытай сцэнічнай пляцоўцы горада выступяць творчыя калектывы і артысты Віцебска, а таксама ганаровае званне "Чалавек года" ўручаць жыхарам абласнога цэнтра, якія ўнеслі ўклад у развіццё і росквіт Віцебска.

У суботу, 25 чэрвеня, "Легенды старой ратушы" раскажуць і пакажуць у абласным краязнаўчым музеі: тут адбудзецца тэатралізаваны паказ, дзе госці пазнаёмяцца з горадам і старонкамі гісторыі віцебскай ратушы. На "Віцебскім вернісажы", які разгорнецца на пешаходнай вуліцы Суворава і ў скверы Маякоўскага, можна будзе наведаць выставу-кірмаш работ мастакоў і народных майстроў. Тут жа будзе праходзіць музычная праграма. І яшчэ госці свята змогуць пабываць разам з Віцебскім заапаркам на прагулцы, убачыць жыхароў гарадскога заасаду і даведацца пра гісторыю іх з'яўлення ў абласным цэнтры.

Музеі горада правядуць бясплатныя экскурсіі, займальныя квесты, а ў арт-прасторы "Талстога, 7" можна будзе прыняць удзел у розных майстар-класах. На плошчы 1000-годдзя з 12.00 да 14.00 адбудзецца фінал чэмпіянату Беларусі сярод ветэранаў парашутнага спорту, дзе ўдзельнікі прадэманструюць філіграннае майстэрства прызямлення на абазначанае месца.

У другой палавіне дня на плошчы Свабоды юным віцябчанам прадаставяць месца для творчасці, дзе яны крэйдай на асфальце змогуць намаляваць рознакаляровыя карціны шчасця. А для маленькіх і вялікіх ласуноў яшчэ арганізуюць сапраўднае свята, у тым ліку жывата.

На пляцоўцы каля Летняга амфітэатра амаль увесь дзень будуць раўці маторы: тут пройдуць аўтафестываль Gymkhana-2022 і чэмпіянат Беларусі па аўтаслаламе, таму аматары жалезных коней змогуць атрымаць ударную дозу адрэналіну і захаплення ад "гарцуючых" па пляцоўцы аўто.

На плошчы Перамогі маладзёжная сталіца Беларусі прыме грандыёзнае свята для прадстаўнікоў узроставай катэгорыі ад 14 да 35 гадоў і не толькі. Велапрабег, інтэрактыўныя пляцоўкі, конкурсы і розыгрышы прызоў - усё гэта чакае гасцей Дня моладзі. На сцэне пройдзе абласны адборачны тур нацыянальнага фестывалю-конкурсу "Агонь маладзёжных талентаў". Як расказалі ў абкаме БРСМ, у ім прымуць удзел каля 40 калектываў і выканаўцаў з усёй Віцебшчыны, сярод якіх у трох намінацыях выберуць пераможцаў. Яны прадставяць вобласць у фінале конкурсу, які пройдзе ў час "Славянскага базару" на гэтай жа пляцоўцы, і паспаборнічаюць за Гран-пры ў сваіх катэгорыях з калегамі ўжо з усёй рэспублікі. А каля фантана ў парку на праспекце Фрунзэ для моладзі арганізуюць музычна-забаўляльную праграму "Бухта дракона".

Святы раёнаў і мікрараёнаў горада, спартыўныя баталіі на футбольным полі, за шахматнай дошкай, мотаджымхана, спартыўная рыбалка сярод людзей з інваліднасцю - міма такіх падзей не зможа прайсці ніхто. Суботнія святы завершацца маляўнічым феерверкам.

У нядзелю, 26 чэрвеня, віцябчан запрашаюць на ўскладанне вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны, каб ушанаваць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за вызваленне абласнога цэнтра. На вуліцы Леніна разгорнецца кірмаш. У комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі ў Мазурыне пройдуць канцэртныя праграмы, віктарыны, гульні, конкурсы. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа правядзе музычна-паэтычны вечар, дзе прагучаць прысвячэнні ў вершах гораду, які пасля Вялікай Айчыннай вайны застаўся практычна поўнасцю разбураным і дзякуючы ўпартасці і любові яго жыхароў паўстаў з попелу. Напярэдадні свайго дня нараджэння Віцебск запрашае ўсіх у госці - адпачыць і ўбачыць, як ён з узростам толькі папрыгажэў і набыў асаблівы шарм.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі