ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 14 ліпеня 2020
Мінск Малавоблачна +16°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 чэрвеня 2020, 11:31

Легендарную оперу "Кармэн" Вялікага тэатра Беларусі можна паглядзець анлайн

Фота bolshoibelarus.by
Фота bolshoibelarus.by

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Легендарную пастаноўку Вялікага тэатра Беларусі - оперу Жоржа Бізэ "Кармэн" можна паглядзець анлайн. Яе будуць трансліраваць з 26 чэрвеня ў супольніцтве #ЗАЛАТЫФОНДБТ афіцыйнай старонкі Галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў БТРК "Белтэлерадыёфонд" у сацсетках "УКантакце" і Facebook. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў тэатры.

Упершыню оперу "Кармэн" прадставілі на суд гледачоў у 1875 годзе ў Парыжы ў тэатры "Опера-Камік". Спектакль праваліўся: сюжэт і страсць плоці, так адкрыта выказаныя ў музыцы Жоржа Бізэ, шакіравалі свецкую публіку. Гэта быў скандал, які, бадай, і паўплываў на такі хуткі адыход з жыцця самога кампазітара - ён памёр праз тры месяцы пасля прэм'еры. Яму было ўсяго 36 гадоў. Жорж Бізэ так і не даведаўся, які ашаламляльны поспех чакаў яго твор у далейшым. Пётр Чайкоўскі ў сваіх пісьмах называў "Кармэн" не інакш як шэдэўрам. Цяпер гэта опера трыумфальна праходзіць па ўсіх тэатрах свету. Спектакль займае асаблівую старонку і ў гісторыі беларускага Вялікага тэатра: опера стала першай пастаноўкай, якая ў 1933-м адкрывала тэатр.

У першых чатырох пастаноўках "Кармэн" пачынаючы з 1933 года галоўную партыю выконвала Ларыса Александроўская, вельмі прыгожая жанчына, уладальніца ўнікальнага па дыяпазоне і тэмбры голасу. Потым на сцэне беларускага Вялікага вызначыліся Лідзія Галушкіна, Святлана Данілюк, Нагіма Галеева і Наталля Руднева. Цудоўная Алена Абразцова заўсёды з задавальненнем удзельнічала ў беларускай "Кармэн", ператвараючы кожны спектакль у сапраўдную падзею. "За шматгадовую гісторыю пастановак оперы Бізэ на сцэне Вялікага тэатра было ўсякае: кантрабандысты паўставалі ў вобразах пралетарыяў, якія разам з ракавой прыгажуняй змагаліся за свабоду рабочага народа, або Кармэн забівала Мікаэла, а не Хазэ. У пастаноўцы Вячаслава Цюпы сцэну напоўнілі складаныя высокія металічныя канструкцыі - артыстам хору даводзілася пастаянна бегаць па гэтых паверхах, а выканальніцы тытульнай ролі нават скакаць з другога на першы. Гэтай спявачкай была народная артыстка Беларусі Наталля Руднева", - расказалі ў тэатры.

Запіс пастаноўкі рэжысёра Вячаслава Цюпы быў зроблены ў 1991 годзе. Галоўныя партыі выканалі Наталля Руднева (Кармэн), Эдуард Пелагейчанка (Хазэ), Наталля Кастэнка (Мікаэла), Аркадзь Саўчанка (Эскамільё), Тамара Кучынская (Фраскіта), Ірэна Журко (Мерсэдэс), Віктар Чарнабаеў (Цуніга), Генадзь Чэпікаў (Данкайра), Міхаіл Жылюк (Маралес), Рыгор Палішчук (Рэмендада). За дырыжорскім пультам - маэстра Аляксандр Анісімаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі