Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 сакавіка 2021, 09:12

Лапіцкі: галоўны брэнд "Славянскага базару" - атмасфера свята

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўны брэнд "Славянскага базару" - гэта атмасфера свята. Такое меркаванне выказаў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Глеб Лапіцкі ў інтэрв'ю праграме "Тыдзень" на тэлеканале СТБ, паведамляе БЕЛТА.

"Мы ніколі не канкурыравалі з "Еўрабачаннем". У гэтым няма сэнсу, паколькі ў нас зусім розныя мэты, - сказаў Глеб Лапіцкі. - "Еўрабачанне" стварае толькі тэлевізійны прадукт, мы ж ствараем атмасферу. На "Славянскі базар" на працягу 30 гадоў людзі прыязджаюць не толькі з-за канкурсантаў або выканаўцаў, якія выступаюць на галоўнай пляцоўцы, а за той атмасферай свята, якая ў нас пануе. Гэта і ёсць галоўны брэнд фестывалю". Таксама ён дадаў, што палітыка ні ў якім разе не павінна ўмешвацца ў творчасць.

Акрамя таго, дырэктар расказаў, чым будзе здзіўляць "Славянскі базар" у 2021 годзе. "Упершыню за 30 гадоў мы пакажам на сцэне Летняга амфітэатра сапраўднае лядовае шоу - рок-хіты ў лядовым выкананні", - падкрэсліў ён.

Таксама, паводле яго слоў, на фестывалі будзе прадэманстравана мноства прэм'ер. "У прыватнасці, шоу-балет "Тодэс" рыхтуе новую праграму, каб паказаць яе на "Славянскім базары". Будуць прадстаўлены дуэты артыстаў з розных краін свету разам з нашымі беларускімі выканаўцамі, - адзначыў Глеб Лапіцкі. - Адна з нашых галоўных задач - сабраць на ХХХ фестывалі ўсе славянскія краіны, над чым мы цяпер і працуем. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца".

Як паведамлялася раней, XXX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 19 ліпеня. Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца 15 ліпеня на галоўнай сцэне. У час цырымоніі ўручаць спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", адбудзецца гала-канцэрт. У фестывальныя дні таксама пройдуць традыцыйныя конкурсы - дарослы і дзіцячы.

У гэтым годзе парадуюць паклоннікаў фестывалю прывычныя праекты - дзень Саюзнай дзяржавы, начныя канцэрты "Залаты хіт" і "Рытмы лета", канцэрт "Шансон ТБ - усе зоркі". У асаблівай атмасферы арганізатары разлічваюць правесці гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі