
4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Білет на наш фестываль замяняе візу для грамадзян 73 краін свету. Аб гэтым заявіў сёння журналістам дырэктар фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Глеб Лапіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Фестываль у высокай ступені гатоўнасці. Арганізатары, горад, вобласць і рэспубліка гатовы прымаць гасцей, - сказаў Глеб Лапіцкі. - Ужо 31 год на пляцоўцы Летняга амфітэатра ў Віцебску пры садзейнічанні рэспубліканскага аргкамітэта і асабістым удзеле кіраўніка дзяржавы рэалізоўваецца культурны праект. Цяпер ён стаў яшчэ і турыстычным. У бягучым годзе чакаем вялікую колькасць расійскіх турыстаў. Акрамя таго, вялікія комплексныя заяўкі прыходзяць з Латвіі, Літвы, Эстоніі. Цікава, што білет на наш фестываль замяняе візу для грамадзян 73 краін свету, што дазволіць прыехаць на яго большай колькасці асоб".
Акрамя таго, "Славянскі базар" - вялікая інтэграцыйная пляцоўка. "Каб паказаць, наколькі моцная дружба нашых саюзных дзяржаў (Беларусі і Расіі), пройдзе не дзень, а Дні саюзнай дзяржавы. І гэта будзе насычаная, прыгожая праграма", - адзначыў ён.
"Наш фестываль яшчэ і культуралагічны. Акрамя ўсіх забаўляльных жанраў мы развіваем высокае мастацтва - опернае, інструментальнае, тэатральнае. Так, "Славянскі базар" становіцца адукацыйнай пляцоўкай. Упершыню з Расійскім інстытутам тэатральнага мастацтва ДІТМ мы створым сумесную лабараторыю на базе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Нягледзячы на пандэмію, мы вярнуліся да рэпертуарнага спектакля. На сцэне легендарнага тэатра пройдуць рэпертуарныя спектаклі ад розных тэатраў Беларусі і Расіі", - дадаў Глеб Лапіцкі.
Навінка гэтага года - пляцоўка - фестывальны open-air, якая прызначана для моладзі. "Цяпер на ёй ідуць глабальныя будаўнічыя работы. На гэтай пляцоўцы пройдуць два маладзёжныя праекты - "Рытмы лета" і начная дыскатэка. Мы прыцягнулі шмат топавых дыджэяў. Спецыяльным госцем стане дыджэй Груў", - сказаў на заканчэнне дырэктар фестывалю.
"Славянскі базар" - музычны фестываль, які ўжо 30 гадоў збірае сяброў з многіх краін.-0-