Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 ліпеня 2022, 15:50

Лапіцкі аб папярэдніх выніках "Славянскага базару": колькасць удзельнікаў перасягнула дакавідны перыяд

18 ліпеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Амаль 6 тыс. удзельнікаў, новыя адукацыйныя і забаўляльныя праекты, зачын на 32-і фестываль - аб гэтых і іншых папярэдніх выніках форуму мастацтваў на прэс-канферэнцыі расказаў гендырэктар Цэнтра культуры "Віцебск", кіраўнік дырэкцыі "Славянскага базару" Глеб Лапіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першапачаткова на XXXI Міжнародны фестываль мастацтваў у Віцебску планавалі запрасіць каля 4 тыс. удзельнікаў, аднак жыццё ўнесла свае карэктывы, і ў гэтым годзе ўжо амаль 5,8 тыс. чалавек сталі часткай фестывальных мерапрыемстваў, гэта лічба расце і набліжаецца да 6 тыс. Глеб Лапіцкі адзначыў, што гэта нават вышэй за паказчыкі дакавіднага перыяду. На асноўныя канцэрты "Славянскага базару" больш за 90 працэнтаў білетаў былі прададзены задоўга да пачатку мерапрыемстваў.

Нечакана з'явіліся народныя гулянні ў фармаце open-air, якія прайшлі ў рамках дзён Саюзнай дзяржавы. "Госці з пабрацімскіх раёнаў арганізавалі такія шыкоўныя падворкі, што я нават не чакаў. Там панаваў братэрскі настрой", - адзначыў дырэктар фестывалю. Вялікай папулярнасцю таксама карысталіся маладзёжныя пляцоўкі і праграмы. У наступным годзе абодва гэтыя напрамкі будуць пашырацца калі не па працягласці, то па насычанасці праграмы, адзначыў гендырэктар.

Глеб Лапіцкі падкрэсліў, што ўпершыню праведзеная ў час фестывалю "Тэатральная лабараторыя" стала ўнікальнай для форуму адукацыйнай пляцоўкай. "Фестываль у бягучым годзе стаў яшчэ і адукацыйнай пляцоўкай. Менавіта праз адукацыю, папулярызацыю ідэалаў творчасці, культуры мы можам развіваць наш культурны брэнд у шырокім сэнсе гэтага слова. Адукацыйныя пляцоўкі хацелася б арганізаваць і ў іншых сферах - у оперным, танцавальным і вакальным мастацтве", - падкрэсліў дырэктар фестывалю, дадаўшы, што ў наступным годзе такую ж можна будзе арганізаваць у Беларускім тэатры "Лялька": у віцебскага тэатра лялечнікаў трывалая творчая аснова, і артыстам ёсць што расказаць, паказаць і чаму павучыць, а заадно пераняць вопыт калег з-за мяжы.

Каля 200 мерапрыемстваў прайшлі ў рамках асноўнай праграмы "Славянскага базару". "Упершыню за чатыры гады я быў засмучаны, што ў амфітэатры нельна было паставіць яшчэ тысячу або дзве крэслаў, таму што людзі хацелі трапіць на цэнтральную фестывальную пляцоўку. Аднак форум мастацтваў паказальны не столькі лічбамі, колькі атмасферай, якую нам удалося стварыць у горадзе. Людзі хочуць пазітыву, пазітыўных эмоцый, і нам удалося для нашых гасцей і ўдзельнікаў усё гэта стварыць", - рэзюмаваў Глеб Лапіцкі.

Ужо на гэтым фестывалі некаторыя артысты выказвалі намер прыехаць на наступны форум мастацтваў у Віцебск і прывезці пашыраную праграму. Глеб Лапіцкі расказаў, што ў наступным годзе таксама будуць падтрымліваць (у тым ліку фінансава) і развіваць фэст вулічнага мастацтва "На сямі вятрах", для гэтага будзе аказана дапамога дзяржавы. Новыя праекты абавязкова з'явяцца на 32-м фестывалі, і яго падрыхтоўку дырэкцыя плануе пачаць, крыху адпачыўшы ад цяперашняга "Славянскага базару".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі