Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 мая 2019, 09:51

Купалаўскі тэатр адправіцца ў гастрольны тур па Палессі са спектаклем "Радзіва "Прудок"

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адправіцца ў дзесяцідзённы тур "Палескія хронікі" па гарадах Брэсцкай і Гомельскай абласцей у ліпені, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

"Першы за многія гады тур Купалаўскага тэатра па Беларусі пройдзе ў чатырох гарадах Брэсцкай і Гомельскай абласцей, дзе будзе паказаны спектакль "Радзіва "Прудок". Першы яго паказ адбудзецца ў Брэсце 17 ліпеня, другі - у Пінску 20 ліпеня, трэці пройдзе 23 ліпеня на радзіме аўтара кнігі Андрэя Горвата - у Мазыры. І завершыцца тур у Гомелі, дзе пастаноўку пакажуць 26 ліпеня", - расказалі ў тэатры.

Прэм'ера пастаноўкі рэжысёра Рамана Падалякі па аднайменнай кнізе Андрэя Горвата адбылася год таму 16 мая. За год сцэнічнага жыцця спектакля камерная сцэна Купалаўскага тэатра прыняла амаль 4 тыс. яго гледачоў, якія пабывалі на 39 паказах "Радзіва "Прудок". Пастаноўка рэгулярна збірае аншлагі, а білеты раскупляюць у лічаныя гадзіны пасля старту продажаў.

"Усё пачыналася з ідэі, а ў выніку спектакль, створаны дзякуючы падтрымцы velcom A1 і Міністэрства культуры, стаў адным з самых любімых у гледачоў Купалаўскага і ўвайшоў у пастаянны рэпертуар тэатра. Цяпер "Радзіва "Прудок" - адна з пастановак, продаж білетаў на якую нараўне з некаторымі спектаклямі вялікай сцэны складае 100 працэнтаў на кожны паказ, - падкрэсліў Раман Падаляка. - Цяпер мы хочам даць шанц убачыць "Радзіва "Прудок" не толькі мінчанам, але і жыхарам Беларускага Палесся, якое з'яўляецца важнай часткай твора. Разам з творчай групай, акцёрамі і тэхнічным складам прыкладзём усе намаганні, каб пастаноўкі на мясцовых сцэнах не адрозніваліся ад мінскіх і гледачы гэтых гарадоў змаглі атрымаць ад спектакля сапраўднае задавальненне".

У спектаклі "Радзіва "Прудок" 15 роляў. Галоўную ролю выканаў акцёр Міхась Зуй, сыграўшы аўтара кнігі, ад асобы якога ідзе размова. У ролі перакладчыка, Пятро, лётчыка, жука, дзядзькі Колі і Шуры выступіў Дзмітрый Есяневіч. Самую цікавую і складаную частку работы ўзяла на сябе Святлана Анікей, таму што яна сыграла ў спектаклі восем роляў, сярод якіх знакамітыя цётка Дуня, паштальёнка і баба Параска. Паводле слоў Рамана Падалякі, поўная падрыхтоўка спектакля ад задумы і напісання інсцэніроўкі сумесна з Міхасём Зуем да тэхнічнай рэалізацыі і акцёрскай работы заняла ў творчай групы каля паўгода, уключаючы тры месяцы рэпетыцый.

У падрыхтоўцы пастаноўкі Рамана Падалякі актыўна дапамагалі амаль 20 чалавек. Спектакль уключае больш за 50 арыгінальных трэкаў. "Касмічную" музыку пісалі самі акцёры - Міхась Зуй, Дзмітрый Есяневіч, а таксама Віталь Кулеўскі ў складзе студыі Pilip.studio. Звёў музычнае афармленне разам, навучыў гаварыць і спяваць гукарэжысёр тэатра Юрый Бачкароў.

"Найбольш запамінальнай і няпростай ва ўвасабленні дэталлю пастаноўкі сталі светлавыя праекцыі ўспамінаў галоўнага героя - асаблівай складанасцю ў рэалізацыі праекцый было зрабіць анімацыю жывой, нібыта намаляванай алоўкам. Сцэнічную прастору ажывілі створаныя ад рукі аніміраваныя малюнкі Глеба Куфтэцерына, каардынатарам іх тэхнічнай рэалізацыі выступіў загадчык відэапраекцыі Міхась Міцькоў, - расказалі ў тэатры. - Аўтарам сцэнаграфіі спектакля стала Кацярына Шымановіч - яе творчасці належаць дэкарацыі і яркія "маляваныя касцюмы-скафандры", дзякуючы якім мастачка стала ўладальніцай прэміі імя Івана Ушакова".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі