Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 ліпеня 2019, 11:00

Ксенія Галецкая на дзіцячым конкурсе "Славянскага базару" выступіць пад нумарамі 18 і 19

8 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У фестывальным Віцебску вызначылі парадак выступлення ўдзельнікаў дзіцячага конкурсу "Славянскага базару", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У першы конкурсны дзень права першай апрабаваць сцэну дасталася канкурсанцы з Арменіі Анжэле Алберцян, завершыць выступленні прадстаўнік Вялікабрытаніі Марсель дэ Алівейра. Другі конкурсны дзень адкрыецца кампазіцыяй удзельніка з Румыніі Марыа. Апошняй выступіць эстонка Настасся Папова.

Прадстаўніцы Беларусі Ксеніі Галецкай дасталіся нумары 18 (у першы конкурсны дзень) і 19 (у другі дзень). "Нумар выступлення не важны, галоўнае - як выступіш. Я доўга рыхтавалася, таму спадзяюся дастойна прадставіць сваю краіну", - адзначыла дзяўчынка ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА. Хвалявацца на працягу маючых адбыцца конкурсных дзён за яе будуць бацькі, сястра, а таксама каманда прадзюсарскага цэнтра "Спамаш", якая курыруе падрыхтоўку абодвух беларускіх канкурсантаў цяперашняга "Славянскага базару".

Трынаццаты нумар у гэтым годзе выцягнулі італьянка Сафія Бевілакуа і ўдзельнік ад Украіны Артур.

Упершыню на "Славянскім базары" ў дзіцячым конкурсе ўдзельнічае прадстаўніца Індыі. Лаваліне дзевяць гадоў. Дзяўчынка захапляецца ігрой на піяніна, індыйскім класічным танцам і тэатральным мастацтвам. На конкурсе ў Віцебску сваё сцэнічнае майстэрства і вакальныя даныя яна прадэманструе пад нумарамі 6 і 18.

Святочная цырымонія жараб'ёўкі пачалася ў адной з выдатных мясцін Віцебска - помніка Старыку Хатабычу. Каб пашанцавала, кожны з юных канкурсантаў пацёр збан вядомага джына, а затым з-за дажджлівага надвор'я цырымонія прадоўжылася ў канцэртнай зале "Віцебск".

Усяго ў бягучым годзе ў конкурсе будуць спаборнічаць прадстаўнікі 21 краіны. Выступленні ўдзельнікаў пройдуць 8 і 9 ліпеня ў канцэртнай зале "Віцебск". У складзе журы - знакамітыя музыканты, прадзюсары і папулярныя выканаўцы з Расіі, Вялікабрытаніі, Арменіі і іншых краін. Узначальвае судзейскую калегію папулярны шведскі спявак, музыкант і кампазітар Босан. Традыцыйна ацэнкі журы не агучваюцца. Цырымонія ўзнагароджвання канкурсантаў адбудзецца на гала-канцэрце 11 ліпеня, а ўшаноўванне ўладальніка Гран-пры і "Залатой Ліры" - на канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю ў Летнім Амфітэатры.

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" ў бягучым годзе пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця адбудуцца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі