Сцяг Серада, 19 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лютага 2023, 09:05

Крывыя люстэркі, батут і клоўн у бутэльцы: у Віцебску адкрылі выставу Мікалая Чалнакова

23 лютага, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. У віцебскім Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання 22 лютага адкрылася выстава "Нікаля Чалнакоў прадстаўляе тэатральны музей SALTIMBANQUES", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вядомы клоўн Мікалай Чалнакоў і ў свае 62 гады не пакідае творчы шлях. Ён - заслужаны артыст Расіі, рэжысёр-пастаноўшчык, выдатны цыркавы дзеяч, лаўрэат міжнародных цыркавых конкурсаў. Яго нумарамі за мяжой захапляліся Біл Клінтан, Ціна Цёрнер, Арнольд Шварцэнегер, Элізабэт Тэйлар, Джанет Джэксан і Каралева Лізавета II. Мікалай Чалнакоў выступаў у лепшым цырку свету - канадскім "Дзю Салей". А яшчэ ён вялікі аматар сваёй прафесіі і ўсяго, што з ёй звязана. Цыркавы артыст сабраў вялікую калекцыю клоўнаў, якія сталі асноўным ядром яго выставы, якая адкрылася 22 лютага ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання. "Я калекцыянірую не клоўнаў, я калекцыянірую ўсмешкі. Я даўно марыў адкрыць свой клаўнарыум, і вось цяпер гэта мара здзейснілася. На выставе вы можаце ўбачыць прадстаўнікоў маёй прафесіі ў розным выглядзе", - расказаў аўтар яркай і пазітыўнай экспазіцыі.

Трапіць на выставу наведвальнікі могуць праз дзверы старадаўняй шафы - гэта своеасаблівы партал у скарбніцу клаўнарыума. Адразу каля ўвахода, як у пакоі смеху, стаяць крывыя люстэркі. У выставачнай зале ўстаноўлены і батут, прычым гэта не проста музейны экспанат, а цалкам даступны для забаў дзяцей аб'ект - на ім можна скакаць усім жадаючым.

Вочы разбягаюцца ад мноства клоўнаў - лялечных, намаляваных на карцінах, адлюстраваных у кераміцы, шкле, бронзе, фарфоры, выкананых практычна на поўны рост або зусім мініяцюрных. Адзін такі нават запячатаны ў бутэльцы. На выставе таксама прадстаўлены маскі, каўпакі, капелюшы, касцюмы арлекінаў, посуд з выявай цыркавых веселуноў і размаляваная ў "цыркавы" ромбападобны і рознакаляровы ўзор мэбля. Сярод гэтай калекцыі ёсць і копія помніка вандроўнаму клоўну, арыгінал якога размешчаны побач з музеем. Нос сапраўднай скульптуры ўжо стаў залатым ад дакрананняў тысяч рук жыхароў і гасцей горада, якія такім чынам загадваюць запаветныя жаданні і вераць у іх выкананне. У кожнага з герояў выставы свой настрой - ад радаснага да лірычнага, і свой унікальны характар, з кожным звязана асобная гісторыя, якія Мікалай Чалнакоў можа расказваць гадзінамі.

Выставу можна наведаць да 22 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі