Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 ліпеня 2021, 13:41

Крэўскі замак зноў пачаў прымаць гасцей

29 ліпеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Крэўскі замак зноў прымае наведвальнікаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.

У Гродзенскай вобласці прадаўжаюцца работы па захаванні і аднаўленні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. У цэнтры ўвагі - замкі ў Крэве, Гальшанах, Гродне і Навагрудку, а таксама значныя сядзібы рэгіёна. "У Крэўскім замку завершаны работы па кансервацыі паўночна-ўсходняй сцяны, у тым ліку адноўлена частка сцяны, прылеглай да Княжацкай вежы, устаноўлены вароты. Цяпер ідзе экспертыза праектна-каштарыснай дакументацыі па кансервацыі паўднёва-заходняй сцяны", - расказалі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Завяршэнне работ дало магчымасць зноў адкрыць замак для турыстаў. Па выхадных экскурсіі тут праводзяць супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. З 4 ліпеня аб'ект наведалі амаль 1 тыс. гасцей.

Рыхтуецца да прыёму гасцей і Стары Замак у Гродне, дзе завяршаюцца работы першай чаргі рэканструкцыі. Цяпер таксама ствараецца музейная экспазіцыя, заснаваная ў тым ліку на выкарыстанні сучасных мультымедыйных эфектаў.

Прадоўжацца работы па кансервацыі і рэстаўрацыі Гальшанскага замка, які прымае наведвальнікаў з мая.

У Наваградку завяршаюць умацаванне схілаў Замкавай гары. Вядзецца работа па кансервацыі руін Дазорнай і Пасадскай вежаў, а таксама кансервацыі з рэстаўрацыяй вежы Шчытоўка.

У музеі-сядзібе Агінскага ў вёсцы Залессе пад Смаргонню аднаўляюць будынак стайні. У стайні размесцяцца не толькі стойлы для коней, але і памяшканні для захоўвання экіпажаў, фуражу. Рэалізацыя праекта, як лічаць ва ўпраўленні культуры, дасць магчымасць наведвальнікам азнаёміцца з жыццём сядзібы і значна палепшыць успрыманне гістарычнага аб'екта.

У цэнтры ўвагі ў рэгіёне таксама пытанні захавання нявыкарыстаных сядзіб. У тым ліку карпатлівая работа мясцовых улад з уладальнікамі, якімі часам выступаюць прыватныя асобы або арганізацыі. Напрыклад, станоўчыя зрухі намеціліся ў лёсе Палацава-паркавага комплексу Умястоўскіх у Жамыслаўлі, дзе менавіта райвыканкам узяў на сябе каардынуючую ролю ў вырашэнні ўзнікаючых пытанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі