Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 лютага 2019, 19:54

Конкурс "Трыенале маладых мастакоў" упершыню правядуць у Беларусі

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі пачне з 15 сакавіка прыём заявак на ўдзел у першым рэспубліканскім конкурсе "Трыенале маладых мастакоў", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Павел Сапоцька.

"Беларусі было неабходна менавіта такое комплекснае мерапрыемства, накіраванае на папулярызацыю і дэманстрацыю твораў маладых аўтараў, стымуляванне іх да актыўнай творчай і навукова-прыкладной дзейнасці ў сферы выяўленчага мастацтва, а таксама выяўленне новых імён. Форма выбрана вельмі правільна і рацыянальна. Трыенале будзе праводзіцца раз у тры гады. Задача конкурсу - выявіць лепшых, заахвоціць, стварыць неабходныя ўмовы для развіцця іх творчасці, - падкрэсліў дырэктар музея. - Вельмі важна, што ў лік удзельнікаў уключаны не толькі мастакі, якія непасрэдна ствараюць творы, але і куратары, што рэалізуюць розныя творчыя праекты, і мастацтвазнаўцы, якія займаюцца даследчай дзейнасцю. Такім чынам, мы гаворым і пра творцаў, і пра куратараў-прыкладнікоў, і пра вучоных-даследчыкаў. Спадзяёмся, што паміж гэтымі маладымі аўтарамі адбудуцца дыялогі, якія ў будучым ператворацца ў цікавыя праекты".

Да ўдзелу запрашаюцца стваральнікі твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і тэхніках, куратары творчых праектаў, аўтары апублікаваных работ аб выяўленчым мастацтве, студэнты мастацкіх ВНУ і навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, навуковыя, педагагічныя, музейныя работнікі ва ўзросце да 31 года. Заяўкі прымаюцца з 15 сакавіка па 10 мая па адрасе: info@histmuseum.by. На кожную намінацыю афармляецца асобная заяўка, у якой неабходна пазначыць прозвішча, імя і імя па бацьку аўтара, узрост, адукацыю, творчыя дасягненні, кантактныя даныя.

Рэспубліканскі конкурс праводзіцца па дзевяці намінацыях: "Скульптура", "Жывапіс", "Графіка", "Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва", "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", "Навацыя (арт-праект, інсталяцыя)", "Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка", "Куратарскі праект у галіне выяўленчага мастацтва" і "Глядацкая сімпатыя". У кожнай намінацыі вызначаюцца дзве групы ўдзельнікаў. Да першай адносяцца студэнты і навучэнцы, да другой - вучоныя, педагогі, музейныя і творчыя работнікі.

Творчае спаборніцтва будзе праходзіць у два этапы: адборачны і фінальны ў выглядзе рэспубліканскай выстаўкі. На першым (13-31 мая) адборачная камісія пасля адкрытага прагляду заявак і матэрыялаў выбера да 10 работ у кожнай групе і намінацыі для ўдзелу ў падагульняючай рэспубліканскай выстаўцы сучаснага выяўленчага мастацтва. На другім, які плануецца правесці з 14 жніўня па 4 верасня ў час выстаўкі, па выніках адкрытага прагляду журы вызначыць не больш за тры работы ў кожнай намінацыі і групе, якія будуць дэманстравацца ў Палацы мастацтва.

У склад журы ўвойдуць прадстаўнікі мастацкіх устаноў адукацыі, навуковых арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, крытыкі і мастацтвазнаўцы. Але ў склад судзейскай калегіі не могуць уваходзіць аўтары, якія падалі заяўку на ўдзел у конкурсе. Асноўныя крытэрыі ацэнкі ўдзельнікаў - наватарства мастацкага рашэння, мастацкая каштоўнасць, арыгінальнасць.

Пераможцы ў кожнай намінацыі будуць узнагароджаны грашовымі прэміямі і дыпломамі.

Рэспубліканскі конкурс "Трыенале маладых мастакоў" праводзіцца ў мэтах падтрымкі таленавітай моладзі, павышэння яе прафесійнага майстэрства, папулярызацыі нацыянальнага выяўленчага мастацтва.

Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Беларускі саюз мастакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі