Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 красавіка 2019, 13:05

Конкурс на лепшы сувенір аб'яўлены ў Пінску

16 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Адкрыты конкурс "Пінскі сувенір" на распрацоўку лепшай сувенірнай прадукцыі праходзіць у час рэспубліканскай акцыі "Пінск - культурная сталіца 2019", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гарвыканкаме.

Конкурс праводзіцца з мэтай адраджэння і развіцця народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў, насычэння рынку якаснай, даступнай па цане сувенірнай прадукцыяй, павышэння турыстычнай прывабнасці горада. Да ўдзелу ў творчым спаборніцтве запрашаюцца як прадпрыемствы горада, што маюць уласную вытворчасць, так і рамеснікі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Мастацкія вырабы будуць ацэньвацца ў намінацыях: сувенір горада і падзеі, гастранамічны і дзелавы сувенір, сувенірная ўпакоўка. Матэрыялам для іх вырабу можа быць салома, лаза, бяроста, папера, дрэва. Шырокі прастор для творчасці прадастаўляюць ганчарства, коўка, ткацтва і вышыўка, макрамэ, батык, шматковая тэхніка, бісерапляценне, фларыстыка. Прымаюцца таксама вырабы са скуры, каменю, косці, шкла, керамікі, палімернай гліны. Асобна ў гэтым шэрагу стаяць кулінарая і кандытарская прадукцыя.

Аўтарскія работы будзе ацэньваць конкурсная камісія ў складзе спецыялістаў структурных падраздзяленняў гарвыканкама, гандлю і паслуг, устаноў культуры, спецыялістаў па турызме, кіраўнікоў турыстычных агенцтваў і грамадскіх аб'яднанняў. Асноўнымі крытэрыямі пры ацэнцы работ будуць якасць і арыгінальнасць афармлення, узровень тэхнікі выканання, магчымасць масавага вырабу. Галоўнае, каб сувенірная прадукцыя мела сімволіку Пінска, мастацка-стылявыя і культурныя асаблівасці і традыцыі горада.

Конкурсныя заяўкі і работы прымаюцца ў гарадскім Доме культуры да 3 мая. Заключны этап адбудзецца 4 мая, калі ацаніць мастацкі ўзровень творчых работ зможа любы жадаючы. У гэты дзень на галоўнай плошчы Пінска ў фармаце агульнагарадскога кірмашу пройдзе выстаўка "Пінскі сувенір - 2019".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі