Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 лістапада 2022, 11:33

Конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-Хало" збярэ ў Наваполацку 45 удзельнікаў

11 лістапада, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. У Наваполацку 11-12 лістапада пройдзе міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-Хало". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Наваполацкім гарвыканкаме.

У гэтым годзе ў аргкамітэт паступіла больш за 170 заявак ад удзельнікаў з розных краін, з якіх у падагульняючы творчы батл адабралі 45 чалавек. У цяперашняй геаграфіі песеннага спаборніцтва акрамя "гаспадароў поля" абазначаны гарады Беларусі і Расіі. На працягу двух дзён юныя выканаўцы будуць спаборнічаць за званне лаўрэатаў, а лепшаму дастанецца Гран-пры.

Вядучымі праекта стануць беларускія медыйныя персоны - ТЕО і Вольга Рыжыкава. Па добрай традыцыі ўзначаліць журы дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва - спявачка Ірына Дарафеева. У мінулым на гэтай "пасадзе" таксама адзначыліся беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў, мастацкі кіраўнік Цэнтра па падрыхтоўцы таленавітай моладзі імя У.Мулявіна Святлана Стацэнка.

Конкурс "Халі-Хало" зарадзіўся ў 1994 годзе як гарадскі фестываль для таленавітых дзяцей. Паступова ён перарос свой фармат і прыняў юных выканаўцаў з розных краін. Традыцыйна ўдзельнікі заваёўваюць у розных узроставых катэгорыях дзевяць прызавых месцаў і галоўны прыз конкурсу. Дарэчы, у 2014 годзе яго прысудзілі Ганне Трубяцкой - спявачцы, якая ў гэтым годзе стала ўладальніцай Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў на 31-м міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Яна прадстаўляла тады Магілёў, і ў цэлым у гісторыі "Халі-Хало" запаветны трафей юныя жыхары гэтага горада забіралі не адзін раз. Інтрыга конкурсу раскрыецца 12 лістапада, калі аб'явяць пераможцу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі