
Прыйшла восень і азнаменавала пачатак новага этапу культурнага жыцця. Новыя сезоны адкрываюць тэатры, тэлеканалы, цыркі. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі новы, 86-ы сезон, пачнецца 21 верасня канцэртам "Класіка для ўсіх". Першым у праграме значыцца твор "100 секунд" неверагодна таленавітага беларускага кампазітара Галіны Гарэлавай. Свой твор яна прысвяціла Аляксандру Анісімаву, дырыжору Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляла з Галінай Гарэлавай і даведалася, што значаць "100 секунд", якая задача стаіць перад кампазітарам і чым цікавая сучасная беларуская акадэмічная музыка.
- Галіна Канстанцінаўна, раскажыце пра твор "100 секунд" і пра тое, як ён ствараўся.
- У мінулым годзе, таксама на адкрыцці сезона, у мяне была агучана вялікая і складаная партытура. І "100 секунд" у пэўным сэнсе яе працяг. Мне хацелася выказаць глыбокую ўдзячнасць Аляксандру Міхайлавічу (Аляксандру Анісімаву. - Заўвага БЕЛТА), таму што ў мінулым годзе ён проста выратаваў мяне і маю прафесійную годнасць. Справа ў тым, што больш як тры гады таму я атрымала прапанову напісаць музыку да балетнага сюжэта пра гісторыю жыцця і творчасці Марка Шагала. Потым у тэатра планы змяніліся. Гэта была праца амаль трох гадоў. І вось Аляксандр Міхайлавіч прапанаваў мне зрабіць з гэтай балетнай музыкі сюіту з дзесяці частак і выканаць яе на адкрыцці сезона. Так нарадзілася "Душа над горадам". Кожнаму, хто прэтэндуе на званне творцы, хочацца, каб яго праца атрымала не толькі прадметнае ўвасабленне ў выглядзе партытуры, але і была агучана. Пакуль твая задума не агучана, твора нібыта не існуе. Паколькі музыка - гэта мастацтва не прасторавае, а часавае. І калі Аляксандр Міхайлавіч прапанаваў мне зрабіць сюіту, я з удзячнасцю прыняла гэту прапанову.
А чым можа кампазітар адплаціць выканаўцу? Як ён можа выказаць сваю ўдзячнасць? Думаю, толькі прысвячэннем новага твора. Так і нарадзіліся "100 секунд".
- Чаму вы далі партытуры такую назву?
- У навагоднюю ноч немагчыма спаць, таму што ўвесь час за акном узрываюць петарды, пускаюць феерверкі. І вось я ляжала без сну, глядзела ў столь і на гадзіннік. Колькі ж доўжыцца гэта разавае дзеянне - запуск, свіст, разрыў феерверка? І аказалася, што 1 мінуту 40 секунд. Я падумала: "Гэта 100 секунд. А колькі можна музычнай інфармацыі ўкласці ў гэтыя сто секунд?" І калі ўжо ў цябе ў галаве з'явілася нейкая ідэя, то ты ёю захоплены і нічога не хочаш, акрамя аднаго - рэалізаваць яе. Я вырашыла напісаць партытуру для сімфанічнага аркестра. Аркестр - ён, як феерверк, і я хацела перадаць усе яго фарбы! І напісала вось гэту невялікую п'есу з хутка знікаючым, але ап'яняльным момантам жыцця - такім як феерверк.
Гэта не першы мой твор для сімфанічнага аркестра, прысвечаны маэстра і нашаму аркестру. Да гэтага ў 2001-м быў напісаны і выкананы вялікі канцэрт для сімфанічнага аркестра, які называўся Allegresse, гэта значыць весялосць, захапленне жыццём.
- Як цесна вы супрацоўнічаеце з сімфанічным аркестрам?
- Я працавала са многімі дырыжорамі. І з беларускімі, і з расійскімі, і з замежнымі. Але вось з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам у нас атрымалася самае плённае для мяне супрацоўніцтва.
Я была яшчэ даволі маладым кампазітарам, калі ўпершыню маім творам быў адкрыты філарманічны сезон. Прычым адной і той жа кантатай - "1000 гадоў надзеі". Гэта былі 54-ы і 56-ы сезоны ў 1991 і 1993 гадах. Тады яшчэ працаваў дырыжор Віктар Дуброўскі, затым гэты ж твор на адкрыцці сезона сыграў Міхаіл Казінец.
У 2001 годзе сезон адкрывалі "Тоіцкія фрэскі" (канцэрт для дзвюх труб) з юнымі трубачамі Яўгенам Лятэ і Дзімам Макарэвічам пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. У 2014-м Аляксандр Міхайлавіч на адкрыцці сезона выканаў "Пакуты па Марку", а ў 2022-м - партытуру "Душа над горадам".
І было б вельмі добра, калі б заўсёды прэм'ера беларускага аўтара адкрывала сезон. Мы ўжо пра гэта з Аляксандрам Міхайлавічам гаварылі. Ужо выраслі новыя пакаленні таленавітых маладых аўтараў, нашых вучняў і выпускнікоў.
- Якая задача стаіць перад кампазітарам?
- Музыка - мастацтва часавае, у адрозненне ад жывапісу, архітэктуры або скульптуры. З засваення гэтага разумення музычнага мастацтва я пачынаю навучанне кампазітараў у сваім класе. Задача кампазітара - арганізаваць, "утаймаваць" час. Час, які настолькі няўлоўны і які Ахматава назвала жахам. "Што войны, што чума? - канец ім відаць хуткі, ім прыгавор амаль абвешчаны. Але хто нас абароніць ад жаху, які быў бегам часу калісьці нарачоны?" І вось гэты жах бегу часу, гавару я сваім студэнтам, трэба ўтаймаваць і арганізаваць.
- Пра што вы пішаце?
- Пра тое, што мне блізкае. Тады і іншым гэта будзе цікава. Гэта відавочна: што любіш, пра тое і пішаш. Я вельмі люблю Беларусь. Люблю Мінск і розныя памятныя для мяне мясціны ў ім. Я тут нарадзілася, тут жыву і памру. Тут пахаваны мае бабуля і мама. Тут уся мая глыбокая каранёвая сістэма.
Па ўсёй Беларусі столькі хараства! Напрыклад, гэтым летам мы з сяброўкай Людмілай Барадзіной былі ў цудоўнай паездцы па мясцінах напалеонаўскіх бітваў на тэрыторыі Беларусі. Трэба сказаць, што я была ў многіх краінах з вельмі прыгожымі ландшафтамі, але сваё блізкае, роднае - гэта зусім іншая справа!
- Якая яна, сучасная беларуская акадэмічная музыка?
- Яна выдатная! Але, на жаль, яна не такая запатрабаваная, як хацелася б. Ёй не вельмі зацікаўлены мастацкія калектывы. Хоць у камерным і харавым фармаце яна іграецца і прэм'еры бываюць даволі рэгулярна. Але ўжо вырасла некалькі пакаленняў музыкантаў, якія мараць быць выкананымі сіламі аркестраў.
Вясной у нас прайшоў з'езд Саюза кампазітараў, і яго канцэрты складалі вельмі цікавыя праграмы: сімфанічная, харавая, камерная музыка, у асноўным з новых твораў. Мы нават вырашылі ўсе праграмы скласці на карысць маладых. Каб як мага больш было пачута пакуль яшчэ малавядомых імёнаў. Думаю, гэта ўдалося.
Сімфанічны канцэрт атрымаўся цудоўны, і правялі яго Аляксандр Анісімаў і яго вучаніца Валерыя Рыбінская. Можна было пачуць увесь спектр поглядаў на акадэмічную музыку сёння. Хтосьці працуе з філасофскай тэмай, камусьці блізкі гумар, кагосьці займае драматычны або лірычны аспект. Гэта быў сапраўдны калейдаскоп талентаў.-0-