7 мая, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа сёння адбудзецца прэм'ера музычнага вечара "Хто цябе выдумаў..." Песні кіно". Артысты выканаюць для гледачоў песні з кінафільмаў "Дажывём да панядзелка", "Д'артаньян і тры мушкецёры", "Іван Васільевіч мяняе прафесію", "Службовы раман", "Дзяўчаты", "Белыя росы", "Іронія лёсу, або з лёгкай парай!", "Госця з будучыні" і многіх іншых, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.
"Артыстка Святлана Жукоўская і Наталля Аладка ствараюць на камернай сцэне пастаноўку, насычаную выключна лірычнай атмасферай. Многія фільмы вядомы не толькі ігрой знакамітых акцёраў і яркімі сюжэтамі, але і цудоўнымі песнямі. Мелодыі, якія прыходзяць да нас з тэлеэкранаў, застаюцца ў памяці надоўга, шчыра кранаюць душу, спараджаюць жаданне спяваць", - адзначылі ў Коласаўскім тэатры. Сцэнаграфія і касцюмы - Святланы Макаранка. Музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча, канцэртмайстар - Алёна Парфёнава.
На музычным вечары добра знаёмыя хіты будуць суправаджацца запамінальным драматычным сюжэтам. На камернай сцэне - здымачная пляцоўка музычнага тэлепраекта. Удзельнікі - салісты з розных культурных гарадскіх устаноў. Яны добра ведаюць адзін аднаго і ўсе жадаюць выканаць любімыя творы перад камерай. "У гарачай крэатыўнай атмасферы ўзнікаюць спрэчкі, высвятленне адносін, падзел творчай тэрыторыі... Але пад канец усіх, вядома, аб'яднае песня, пяшчотна агорне герояў цеплынёй і любоўю. Безумоўна, падпяваць дазволена і нават неабходна!", - адзначылі ва ўстанове.
У спектаклі заняты Наталля Аладка, Ульяна Ацясава, Яўген Бераснеў, Арцём Блахін, Святлана Жукоўская, Дзмітрый Каваленка, Ксенія Камінская, Святлана Сухадолава і Юрась Цвірка.-0-